20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нельга дазволіць Захаду заглушыць наш голас на міжнародных парламенцкіх пляцоўках, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні 62-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сур'ёзныя задачы стаяць перад намі і ў кантэксце адстойвання агульных пазіцый на міжнароднай арэне. Мы бачым, як калектыўны Захад спрабуе выціснуць нас з міжнародных парламенцкіх пляцовак, усяляк заглушыць наш голас. Іх дыпламатыя сёння зводзіцца да вядомага прынцыпу: хто не з намі - той супраць нас, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Такі стан спраў, безумоўна, выклікае хваляванне не толькі ў нас, але і ў многіх краін, якія праводзяць незалежны міралюбівы курс".
Трэба тлумачыць абсурднасць санкцыйнай палітыкі, рэагаваць на адкрыта варожыя выпады і правакацыі, развіваць супрацоўніцтва з тымі краінамі, якія гатовы працаваць на прынцыпах роўнасці і ўзаемаразумення, адзначыў спікер.
"Паралельна трэба задзейнічаць магчымасці міжпарламенцкіх пляцовак для пашырэння эканамічных інтарэсаў Беларусі і Расіі. Умацаванне сувязей з буйнейшымі эканомікамі Кітая, Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі, раскрыццё патэнцыялу краін Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі павінны знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Парламенцкага сходу і нашых камісій", - дапоўніў Уладзімір Андрэйчанка.
Сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі праходзіць сёння ў Мінску. На пасяджэнні будуць разгледжаны актуальныя напрамкі работы саюзных парламентарыяў па процідзеянні знешнім выклікам і пагрозам, санкцыйнаму націску, прапагандзе нацызму, забеспячэнні абароны гістарычнай памяці. Таксама будуць зацверджаны новасфарміраваныя склады камісій Парламенцкага сходу і выбраны старшыні камісій.
Акрамя таго, плануецца замацаванне за камісіямі функцый па заканадаўчым забеспячэнні выканання саюзных праграм, зацверджаных Дэкрэтам Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ад 4 лістапада 2021 года нумар 6 "Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады".