23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенавым (у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі) адзначыў важнасць супрацоўніцтва дзвюх краін у міжнародных арганізацыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спікер, у прыватнасці, падзякаваў паслу за ўклад, які ён за гады работы ўнёс у беларуска-казахстанскае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах - у палітыцы, эканоміцы, культуры, адукацыі, развіцці міжрэгіянальных сувязей. "Самае галоўнае, што многія змяненні адбыліся за гэты час і ў гісторыі адносін паміж нашымі краінамі. Мы стварылі Еўразійскі эканамічны саюз. Няпроста гэта ўсё ішло, і вы ў гэтым плане праводзілі вялікую работу. Мы практычна сінхронна правялі ратыфікацыю гэтага дагавора (аб ЕАЭС. - Заўвага БЕЛТА)", - нагадаў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён таксама звярнуў увагу, што менавіта ў гады работы Ергалі Булегенава быў падпісаны дакумент аб супрацоўніцтве паміж парламентамі Беларусі і Казахстана, адбыўся шэраг двухбаковых візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях.
Уладзімір Андрэйчанка прызнаўся, што надае вялікае значэнне супрацоўніцтву дзвюх краін у міжнародных арганізацыях - у Міжпарламенцкім саюзе, на сесіях ПА АБСЕ. "Паказальнай была 26-я сесія, якая праходзіла ў Мінску. Быў падрыхтаваны шэраг антыбеларускіх рэзалюцый, але казахстанскі бок нам аказаў поўную падтрымку і прагаласаваў супраць іх, падтрымаўшы пры гэтым рэзалюцыю Рэспублікі Беларусь, якая была накіравана на барацьбу з наркотыкамі", - сказаў ён.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў і важнасць нарошчвання эканамічных кантактаў Беларусі і Казахстана. Так, за дзевяць месяцаў бягучага года краіны здолелі выйсці на тавараабарот, які складае каля $500 млн. Ён лічыць, што гэта таксама сур'ёзны паказчык работы абодвух бакоў.
У сваю чаргу Ергалі Булегенаў падзякаваў за высокую ацэнку яго дыпламатычнай работы. Ён выказаў упэўненасць, што ўзаемны тавараабарот Беларусі і Казахстана будзе расці і далей. "Мы ўжо дасягалі амаль мільярднага тавараабароту ў 2014 годзе, і я думаю, на наступны год рэальна, што такімі тэмпамі мы падыдзем да мільярда", - сказаў пасол.