21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Малдовы заўсёды будуюцца на прынцыпах даверу і ўзаемнай павагі, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сёння ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас даўнія дружалюбныя адносіны з Рэспублікай Малдова. Прынцыпова важна, што гэтыя адносіны заўсёды будаваліся і будуюцца на прынцыпах даверу, раўнапраўя, узаемнай павагі. У нас створана добрая дагаворна-прававая база, якая налічвае больш за 80 дакументаў на міждзяржаўным, міжурадавым і міжведамасным узроўнях. На міжнародным узроўні мы заўсёды адчувалі падтрымку нашых малдаўскіх калег. Са свайго боку такую падтрымку таксама аказвалі. Важна, што і міжпарламенцкія адносіны ў нас на належным узроўні. Мы настроены і ў далейшым на канструктыўную работу", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Паводле яго слоў, паміж нашымі краінамі склаўся нядрэнны тавараабарот. "Больш за $200 млн за 2020 год. Самае галоўнае, што гэты год вельмі добра пачалі. За студзень-люты 23,5 працэнта росту тавараабароту. Гэта вельмі важна. Зразумела, ёсць нейкія і праблемныя пытанні. Я думаю, што нам трэба аднаўляць пасяджэнні міжурадавай камісіі. Важна, каб у гэтых пасяджэннях прымалі ўдзел дэпутаты Беларусі і Малдовы", - адзначыў спікер.
Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што ў дзвюх краін вялікі патэнцыял міжрэгіянальных сувязей. У прыватнасці, у Малдове на двух заводах ідзе зборка беларускіх трактароў і тралейбусаў, пачынаецца работа па аўтамабілях МАЗ. "Трэба ў такім духу прадаўжаць і далей", - канстатаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Віктар Сарачан у сваю чаргу падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за дапамогу, аказаную ў мінулым годзе па вяртанні грамадзян Малдовы з усіх куткоў свету дадому ў перыяд пандэміі каранавіруса. "Вы маеце рацыю, што ў нас традыцыйна добрыя адносіны паміж нашымі краінамі як на вышэйшым узроўні, так і эканамічным, сацыяльна-гуманітарным. У нас ёсць вельмі шмат цікавых праектаў: адны працуюць, іншыя - знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, трэція - у планах. Упэўнены, што ў нас і ў далейшым захаваюцца адносіны такімі ж", - дадаў ён.
Пасол адзначыў, што зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі ў Малдове забяспечваюць краіну дадатковымі рабочымі месцамі. Ужо ёсць патрэбнасць у зборцы трактароў большай магутнасці. Віктар Сарачан прапанаваў прапрацаваць адпаведны праект.