15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абноўленая Канстытуцыя ў літаральным сэнсе стваралася народам і для народа, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на адкрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адкрываецца восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў. Сімвалічна, што гэта адбываецца ў момант, калі краіна адзначае найважнейшае дзяржаўнае свята - Дзень Канстытуцыі. Сёння для кожнага беларуса яно набывае асаблівае значэнне. Дзяржавай і грамадствам праведзена беспрэцэдэнтная работа. Абноўленая Канстытуцыя ў літаральным сэнсе стваралася народам і для народа", - расказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Спікер адзначыў, што, зрабіўшы свой выбар, людзі прагаласавалі за суверэнітэт, грамадзянскі мір, сацыяльную справядлівасць і эвалюцыйны шлях развіцця. "І цяпер нам усім разам трэба выканаць адказную стваральную місію па ўвасабленні норм Асноўнага закона ў жыццё. Адну з ключавых роляў у фарміраванні новага аблічча Беларусі прызначаны адыграць парламент. Карыстаючыся магчымасцю, хачу шчыра падзякаваць дэпутацкаму корпусу, які прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі грамадскага дыялогу, падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі і правядзенні рэферэндуму", - адзначыў ён.
Уладзімір Андрэйчанка перакананы, што кожны дэпутат усведамляе ўсю ступень адказнасці за тыя рашэнні, якія давядзецца прыняць на гэтым лёсавызначальным этапе. "І гатовы актыўна ўключыцца ў работу па выкананні задач, якія стаяць перад Палатай прадстаўнікоў. Трэба сказаць, што мы звязаны даволі жорсткімі часавымі рамкамі і любое прамаруджванне ў дасягненні пастаўленых мэт прыводзіць да сур'ёзных выдаткаў для краіны, грамадзян, нашай агульнай будучыні", - дапоўніў ён.