4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна ўкараніць вымярэнне тэлеаўдыторыі па сусветных стандартах. Аб гэтым заявіла сёння міністр інфармацыі Лілія Ананіч на калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Ліліі Ананіч, развіццё айчыннага тэлебачання патрабуе больш поўнага ўліку дынамікі глядацкай аўдыторыі. "Адсутнасць у Беларусі сучаснай сістэмы тэлевымярэнняў не толькі ўскладняе работу па якасным медыяпланаванні беларускіх тэлеканалаў, але і не садзейнічае нарошчванню аб'ёмаў рэкламнага рынку і, адпаведна, даходаў нацыянальных тэлекампаній", - адзначыла міністр.
Яна выказала ўпэўненасць, што важна прыцягнуць аўтарытэтны медыявымяральнік, які адпавядае сусветным стандартам, а гэта, у сваю чаргу, акажа станоўчы ўплыў на актывізацыю рэкламных бізнес-працэсаў. "Якасныя медыявымярэнні - гэта не толькі эканоміка тэлеканалаў, гэта і аб'ектыўная ацэнка творчай дзейнасці тэлекампаній, і, калі хочаце, палітычны складнік у дзейнасці тэлебачання", - сказала Лілія Ананіч.
Міністр пазітыўна ацаніла практыку стварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, што дало магчымасць атрымаць адчувальны эканамічны эфект. Маюцца на ўвазе ўзбуйненыя інфармацыйныя структуры, створаныя некалькі гадоў таму на базе рэдакцый газет "Советская Белоруссия" і "Звязда".