8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заклікала ЮНІСЕФ унесці свой уклад у ацэнку негатыўнага ўплыву заходніх эканамічных санкцый на прыкладаемыя дзяржавамі намаганні па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР). Адпаведную заяву зрабіў намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч у час сустрэчы на пляцоўцы ААН з намеснікам выканаўчага дырэктара Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Карынай Хюльсхоф, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Прадстаўнікі МЗС і ЮНІСЕФ абмеркавалі пытанні бягучага і перспектыўнага супрацоўніцтва, накіраванага на прыярытэтныя для дзяржавы галіны сацыяльнага развіцця, аховы здароўя і адукацыі, абароны дзяцей і падлеткаў, інклюзіі дзяцей з інваліднасцю. "Намеснік міністра заклікаў ЮНІСЕФ як адно з самых аўтарытэтных агенцтваў сістэмы ААН унесці свой уклад у ацэнку негатыўнага ўплыву заходніх эканамічных санкцый на прыкладаемыя дзяржавамі намаганні па дасягненні МУР", - адзначылі ў МЗС.
Юрый Амбразевіч таксама правёў сустрэчу з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, кіраўніком Контртэрарыстычнага ўпраўлення Уладзімірам Варанковым. Яны абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з тэрарызмам, а таксама існуючыя перад міжнародным супольніцтвам выклікі і пагрозы ў гэтай сферы. Намеснік міністра заявіў, што Беларусь прадоўжыць паслядоўна і эфектыўна рэагаваць на пагрозы, звязаныя з міжнародным тэрарызмам, у тым ліку ў рамках нарошчвання патэнцыялу ў сферы міжнароднай інфармацыйнай бяспекі і процідзеяння выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у тэрарыстычных і злачынных мэтах.
Уладзімір Варанкоў падкрэсліў канструктыўны характар кантактаў Беларусі з Контртэрарыстычным упраўленнем ААН і выказаў надзею на працяг плённага супрацоўніцтва па контртэрарыстычнай тэматыцы. "Абазначыўшы прыярытэтныя напрамкі старшынства Беларусі ў АДКБ, Юрый Амбразевіч анансаваў планы па правядзенні ў Мінску міжнароднай канферэнцыі па тэматыцы еўразійскай бяспекі з акцэнтам на ўзаемазалежнасці ўстойлівага развіцця і ўстойлівай бяспекі", - праінфармавалі ў МЗС.
Акрамя таго, намеснік кіраўніка МЗС таксама прыняў удзел у арганізаваным на пляцоўцы ААН Беларуссю сумесна з Філіпінамі круглым стале па тэме "Сацыяльныя і прававыя праблемы, што падсілкоўваюць гандаль жанчынамі і дзецьмі".
Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўнікі дзяржаў - членаў ААН з усіх рэгіёнаў свету, уключаючы членаў узначаленай Беларуссю ў ААН Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама шырокае кола прадстаўнікоў акадэмічных колаў, міжнародных і няўрадавых арганізацый. "Прамоўцы адзначылі важны ўклад Беларусі ва ўмацаванне каардынацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама ўказалі на шэраг практычных праблем і прапанавалі свае рашэнні для больш эфектыўнай сумеснай барацьбы", - расказалі ў МЗС.