17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь была, ёсць і застаецца прыхільніцай кантролю над узбраеннямі, заявіў намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь была, ёсць і застаецца прыхільніцай кантролю над узбраеннямі і, адпаведна, прыхільная да мер даверу і транспарэнтнасці", - адзначыў намеснік міністра.
Дэпутаты на пасяджэнні першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі восьмага склікання прынялі законапраект "Аб прыпыненні дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе". Законапраект у Авальнай зале прадставіў Юрый Амбразевіч.
"Праект закона Рэспублікі Беларусь "Аб прыпыненні дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе" распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў. Законапраект узгоднены Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі, Міністэрствам абароны, Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам юстыцыі, разгледжаны ў Савеце Міністраў. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў унясенне гэтага законапраекта ў Палату прадстаўнікоў", - расказаў Юрый Амбразевіч.
ДЗУСЕ прадугледжвае абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях: танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты, а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў, абмен інфармацыяй і інспекцыйная дзейнасць. "Дагавор з'яўляўся адным з ключавых пагадненняў у сферы кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе і краевугольным каменем еўрапейскай бяспекі. Ён адыграў знакавую ролю ў зніжэнні ваеннай канфрантацыі і стварэнні новай архітэктуры бяспекі на еўрапейскім кантыненце ў перыяд пасля заканчэння халоднай вайны за кошт беспрэцэдэнтных скарачэнняў узбраенняў, тэхнікі і асабовага складу, - адзначыў намеснік міністра. - Беларусь добрасумленна і ў поўным аб'ёме выконвала абавязацельствы па ДЗУСЕ. Пасля ўступлення дагавора ў сілу намі знішчана больш за 3 тыс. адзінак звычайных узбраенняў і тэхнікі - гэта быў наш важкі ўклад ва ўмацаванне агульнаеўрапейскай бяспекі і працэс раззбраення".
"7 лістапада 2023 года Паўночнаатлантычны савет НАТА заявіў аб намеры дзяржаў альянсу, якія ўдзельнічаюць у ДЗУСЕ, прыпыніць дзеянне гэтага дагавора. На бягучы момант дзеянне ДЗУСЕ прыпыніла 21 дзяржава з 22 краін - членаў НАТА, а таксама Грузія і Малдова. Прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ дзяржавамі НАТА і іх саюзнікамі азначае і спыненне дэ-факта функцыянавання дагавора, - дапоўніў Юрый Амбразевіч. - У мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі і ў якасці меры ў адказ на рашэнне краін - членаў НАТА кіраўніком дзяржавы была падтрымана прапанова аб прыпыненні Рэспублікай Беларусь дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. У практычным плане гэта азначае прыпыненне прадастаўлення іншым удзельнікам дагавора інфармацыі аб звычайных узбраеннях і тэхніцы, прыёму і правядзення інспекцый у мэтах кантролю за выкананнем колькасных абмежаванняў у адносінах да звычайных узбраенняў і тэхнікі, устаноўленых палажэннямі дакумента. Мы таксама не будзем абавязаны прытрымлівацца названых колькасных абмежаванняў".