13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Папу Рымскага Францыска з 10-й гадавінай урачыстага пачатку Пантыфікату. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Увесь гэты час Вы плённа працавалі на карысць міру, спакою і справядлівасці, дзяліліся з людзьмі святлом і мудрасцю", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Шмат у чым нашы погляды супадаюць. Па-першае, у неабходнасці шчырага пошуку міру ва Украіне і прыкладання ўсіх магчымых намаганняў для яго ўстанаўлення з боку як палітычных лідараў, так і звычайных грамадзян. Па-другое, у патрэбнасці глыбокага пераасэнсавання існуючых адносін у глабальнай палітыцы. Згодны з Вамі, што ўвесь свет - гэта брацкія сувязі, заснаваныя на прабачэнні, яднанні, прымірэнні, а не на прыгнёце, паглынанні і навязванні сваіх поглядаў. Гэта адзін з пасылаў, якіх Беларусь прытрымліваецца ў рамках абвешчанага Года міру і стварэння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў: "На жаль, не ўсе падзяляюць наша імкненне слухаць і чуць адзін аднаго, весці перагаворы і супрацоўнічаць. Ужо які год мы спрабуем растлумачыць Захаду бесперспектыўнасць націску на Беларусь, важнасць дыялогу, заснаванага на ўзаемапавазе, традыцыях, каштоўнасцях і нацыянальных інтарэсах кожнай краіны".
"Упэўнены, што Ваша высакародная дзейнасць па забеспячэнні міру і дабрабыту ўсіх людзей добрай волі прынясе свой плён. У гэты святочны дзень шчыра жадаю Вам, Ваша Святасць, здароўя і сіл на многія гады", - пажадаў кіраўнік дзяржавы.