22 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Адміністратар ПРААН, намеснік Генеральнага сакратара ААН Хелен Кларк прыбывае з візітам у Мінск 24 красавіка. Аб гэтым паведаміў журналістам пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праграма візіту Хелен Кларк у Беларусь 24-25 красавіка вельмі насычаная. Яна ўключае сустрэчы на высокім узроўні, удзел у міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС, а таксама ў іншых мерапрыемствах. Арганізатарамі канферэнцыі "Чарнобыль праз 30 гадоў. Ад аварыйнай сітуацыі да адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых тэрыторый", якая адбудзецца ў Мінску 25 красавіка ў Палацы Рэспублікі, выступаюць беларускі ўрад і Праграма развіцця ААН. У мерапрыемстве разам з прадстаўнікамі ўрада, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, беларускай грамадскасці прымуць удзел замежныя партнёры Беларусі.
Хелен Кларк займае таксама пасаду каардынатара міжнароднага ўзаемадзеяння ААН па Чарнобылі, удакладніў Санака Самарасінха. Яна выступіць на канферэнцыі з дакладам. У гэтым мерапрыемстве прыме ўдзел і памочнік Генеральнага сакратара ААН, памочнік адміністратара ПРААН, дырэктар рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД Джыхан Султанаглу.
У праграме візіту Хелен Кларк у Беларусь - удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі Рут Уолер у мінскай СШ нумар 130, ёй прысвоена імя гэтай грамадзянкі ЗША, якая працавала ў гуманітарнай місіі ААН у Беларусі ў 1946 годзе.
Памочнік адміністратара ПРААН Джыхан Султанаглу 24 красавіка прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця памятнага знака ў гонар 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і заснавання ААН, якая адбудзецца ў Лошыцкім парку каля Дрэва міру і ўстойлівага развіцця, пасаджанага ў кастрычніку 2015 года.
Як паведамлялася ўжо БЕЛТА, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў намесніка Генеральнага сакратара ААН, адміністратара Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк і памочніка Генеральнага сакратара ААН, памочніка адміністратара ПРААН, дырэктара рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД Джыхан Султанаглу ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і ААН па правядзенні комплекснай рэабілітацыі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця раёнаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.