2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка падпісаў дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прававы акт выдадзены ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Дэкрэт устанаўлівае абавязак грамадзян Беларусі, пастаянна пражываючых у рэспубліцы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь.
Грамадзяне, якія займаюцца 183 каляндарныя дні і больш у год працоўнай і іншымі ўстаноўленымі дэкрэтам відамі дзейнасці (прадпрымальніцкай, рамеснай, творчай, адвакацкай або натарыяльнай, аказаннем паслуг у сферы аграэкатурызму, выкананнем работ па грамадзянска-прававых дагаворах, навучаннем на дзённай форме атрымання адукацыі), прызнаюцца ўдзельнікамі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў і, адпаведна, вызваляюцца ад выплаты збору.
Да ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў будуць адносіцца таксама перыяды выхавання дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей.
Дэкрэтам вызначаны вычарпальны пералік катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору. У прыватнасці, гэта недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі ўзросту 55 гадоў, мужчыны, якія дасягнулі ўзросту 60 гадоў, і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Сума збору, што падлягае выплаце плацельшчыкамі, змяншаецца на сумы выплачаных імі ў мінулым падатковым перыядзе падаткаў (падаходны падатак з фізічных асоб, адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання).
Збор падлягае выплаце не пазней за 15 лістапада года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам, на падставе паведамлення падатковага органа.
Разам з тым у мэтах стымулявання плацельшчыкаў збору да яго самастойнай выплаты прадугледжваецца магчымасць змяншэння сумы збору на 10 працэнтаў, калі плацельшчыкі збору з 1 жніўня бягучага падатковага перыяду па 31 мая года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам, прадставяць у падатковы орган адпаведнае паведамленне. У гэтым выпадку збор падлягае выплаце не пазней за 1 ліпеня года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам.
Нявыплата або няпоўная выплата збору вядуць да накладання штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйнага арышту з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадска карысных работ.
Дэкрэт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і будзе прымяняцца да адносін, што ўзніклі з 1 студзеня 2015 года.