18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу прадаўжаецца з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года з пашырэннем напрамкаў яго датэрміновага выкарыстання зыходзячы з інтарэсаў шматдзетных сем'яў. Гэта прадугледжана ўказам нумар 345 "Аб сямейным капітале", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Фарміраванне сямейнага капіталу будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях, з базавым памерам на 1 студзеня 2020 года Br22,5 тыс. Пры гэтым для захавання пакупной здольнасці памер сямейнага капіталу будзе штогод індэксавацца ў залежнасці ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн.
Указам таксама прадугледжана, што права на назначэнне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей, калі з улікам народжанага (усыноўленага, удачаронага) дзіцяці ў сям'і выхоўваюцца не менш як трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Назначэнне сямейнага капіталу ажыццяўляецца пры звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Права на зварот за назначэннем сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей, а права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу - пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям'я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу.
Пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям'я набыла права на сямейны капітал, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай пенсіі маці.
Датэрмінова сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; атрыманне паслуг у сферы адукацыі (для аплаты навучання пры атрыманні членамі сям'і сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі); атрыманне платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя.
Парадак і канкрэтныя мэты выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, а таксама парадак і ўмовы іх датэрміновага выкарыстання ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў.
Гэтыя сродкі будуць размяшчацца ва ўклады (дэпазіты) "Сямейны капітал" у ААТ "ААБ Беларусбанк".
Сродкі, адносна якіх грамадзяне не звярнуліся на працягу 3 гадоў пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям'я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу, або нявыкарыстаныя на працягу 5 гадоў пасля падачы заявы аб распараджэнні імі, падлягаюць вяртанню ў рэспубліканскі бюджэт.
У мэтах забеспячэння роўных магчымасцей для шматдзетных сем'яў, якім сямейны капітал назначаны раней (па праграме 2015-2019 гадоў), указам таксама прадастаўлена ім права на датэрміновае выкарыстанне гэтых сродкаў па пералічаных напрамках.