Летнія Алімпійскія Гульні-2024 пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года. Звыш дзесяці тысяч спартсменаў з больш як 200 краін разыграюць 306 камплектаў медалёў у 32 відах спорту.
Дэвіз і слоган Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы – "Давайце шырока адкрыем гульні" ("Гульні, адкрытыя ўсім"), фр. Ouvrons grand les jeux, англ. Games wide open.
На жаль, згодна з рашэннем Міжнароднага алімпійскага камітэта, атлеты з Беларусі і Расіі змогуць выступіць у Парыжы толькі ў нейтральным статусе, а ўдзельнічаць у камандных відах наогул не атрымалі магчымасці. Акрамя таго, МАК дазволіў федэрацыям кожнага віду спорту асобна вырашаць, ці дапускаць беларусаў і расіян, таму адзінага падыходу і адкрытасці няма. Напрыклад, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) не дазволіла спартсменам з дзвюх краін удзельнічаць у міжнародных стартах нават у нейтральным статусе.
Выканкам МАК зацвердзіў для спартсменаў з Беларусі і Расіі сцяг і гімн без слоў, пры гэтым не дапусціць алімпійцаў да ўдзелу ў традыцыйным парадзе нацый на цырымоніі адкрыцця Гульняў-2024, дазволіць толькі назіраць з трыбун.
З-за абмежаванняў па ўдзеле ў кваліфікацыйных спаборніцтвах адабрацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы могуць максімум 28 спартсменаў з Беларусі і 54 з Расіі.
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ў адказ на рашэнне Выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 8 снежня 2023 г. аб допуску беларускіх спартсменаў да Гульняў XXXIII Алімпіяды 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе заявіў:
"Мы вітаем допуск да Гульняў у Парыжы-2024 беларускіх спартсменаў, аднак прынятае рашэнне не задавальняе інтарэсы беларускай спартыўнай супольнасці ў поўнай меры. Існуючыя строгія абмежаванні, уключаючы ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальных сімвалаў, абмежаваную колькасць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартсменаў, якія выступаюць у камандных відах – усе гэтыя ўмовы па-ранейшаму з'яўляюцца вельмі дыскрымінацыйнымі ў адносінах да атлетаў нашай краіны". Падрабязна...
Пры гэтым НАК Беларусі адзначыў, што будзе кіравацца, перш за ўсё, інтарэсамі саміх спартсменаў (бо для іх гэта справа жыцця!), а таксама прадаўжаць работу па аднаўленні справядлівасці і паўнацэнным удзеле спартсменаў ва ўсіх спаборніцтвах.
Тым больш, што беларусы нярэдка адны з мацнейшых у свеце і забяспечваюць дастойную канкурэнцыю ў барацьбе за сапраўднае алімпійскае чэмпіёнства. На летніх Алімпійскіх гульнях-2020, якія прайшлі ў 2021 годзе ў Токіа, выступілі 107 беларускіх атлетаў у 20 відах спорту. У іх актыве – 7 медалёў: 1 залаты, 3 сярэбраныя і 3 бронзавыя.
На гэты час (29 красавіка 2024) ліцэнзіі на Гульні-2024 у Парыжы заваявалі беларускія спартсмены:
Акадэмічнае веславанне: Яўген Залатой, Таццяна Клімовіч
Барацьба:
Веласпорт: 1 ліцэнзія (не імянная)
Плаванне: Ілья Шымановіч, Настасся Шкурдай, Аліна Змушко
Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч (алімпійскі чэмпіён Токіа-2020), Віялета Бардзілоўская
Стральба кулявая: Уладзіслаў Дземеш
Таэквандо: Георгій Гурцыеў (да 58 кг)
Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько (да 71 кг), Яўген Ціханцоў (да 102 кг), Эдуард Зязюлін (звыш 102 кг)
У тэнісе за медалі Парыжа-2024 змогуць пазмагацца ігракі з топ-56 сусветнага рэйтынгу (плюс 6 квот ад ITF і 2 – для пераможцаў мінулых Алімпійскіх гульняў або турніру Вялікага шлема). Спартсмены будуць кваліфікаваны па даных рэйтынгаў ATP (для мужчын) і WTA (для жанчын) на 10 чэрвеня 2024 года. Цяпер беларускі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка ўваходзяць у лік прэтэндэнтак. І Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) паведаміла, што ні адзін тэнісіст не будзе выключаны з ліку ўдзельнікаў Гульняў.
Тым не менш, пакуль нават атрыманне ліцэнзій або высокі рэйтынг не гарантуюць беларусам магчымасць выступаць на Гульнях-2024. У МАК заявілі аб стварэнні Індывідуальнай нейтральнай камісіі (AINERP) для ацэнкі права кожнага спартсмена і персаналу з расійскім ці беларускім пашпартам атрымаць кваліфікацыйнае месца для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы.