Каляндар падзей у Беларусі
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Каляндар падзей у Беларусі

Каляндар падзей у Беларусі

Гродна
Гродна

МАЙ 2024

Новая праграма "Магія фантанаў" у Белдзяржцырку

Беларускі дзяржаўны цырк прадстаўляе феерычнае воднае шоу "Магія фантанаў", у якім увасобяцца самыя смелыя праекты пастаноўшчыкаў – маляўнічыя фантаны з лазернай інсталяцыяй, гіганцкія струмені танцуючай вады, дождж і вадаспады пад купалам цырка! У праграме выступяць канатаходцы, эквілібрысты, паветраныя гімнасты на рамянях, гімнастка з хула-хупамі на люстраным шары, жанглёр, клоўн. У нумарах задзейнічаны марскія коцікі, папугаі, дрэсіраваныя мядзведзі, малпы…

Калі: 3 лютага – 12 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Выстава "На вагу золата" ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

Прасачыць гісторыю суверэннай Беларусі праз памятныя манеты запрашае выстава "На вагу золата", дзе прадстаўлены каштоўныя ўзоры, якія выпускаліся з 1996 года ў золаце, серабры і медна-нікелевым сплаве. У экспазіцыі сабраны памятныя манеты Нацыянальнага банка краіны па чатырох асноўных напрамках: гісторыя і культура Беларусі, спорт, ахова навакольнага асяроддзя і Беларусь у сусветнай супольнасці. Тут можна ўбачыць разнастайнасць форм (круглыя, прамавугольныя і авальныя манеты), тэматыкі, тэхналогій выканання, сярод якіх – галаграфія, аксідаванне, устаўкі з каштоўных і некаштоўных камянёў, каляровы лічбавы друк. Таксама прадстаўлены традыцыйныя інструменты для стварэння манет.

Калі: 17 красавіка – 7 ліпеня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск

Рэспубліканская кінаакцыя, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі

У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўсіх кінатэатрах краіны пакажуць лепшыя беларускія і савецкія фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне розных гадоў. У афішу памятнай акцыі ўвайшло не толькі ігравое беларускае кіно, але і 16 дакументальных фільмаў, лепшыя савецкія кінастужкі, праваўладальнікамі якіх з'яўляюцца "Масфільм" і іншыя кінастудыі. Чакаецца, што ў час патрыятычнай акцыі для гледачоў адбудзецца больш за 2,8 тысячы кінасеансаў як у кінатэатрах, так і іншых установах культуры.

Калі: з 24 лютага па верасень 2024 года
Дзе: кінатэатры сталіцы, абласных і раённых цэнтраў Беларусі

Прэм'ера ваенна-гістарычнай драмы "Час вярнуцца" ў Мінску

Прэм'ера ваенна-гістарычнай драмы "Час вярнуцца" рэжысёра Івана Паўлава прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і расказвае пра ўнікальную аперацыю беларускіх партызан, якія знайшлі шлях у тыл ворага праз непраходнае балота. Дзякуючы звесткам партызанскай разведкі на балоце была пабудавана дарога, якая дала важную тактычную перавагу савецкім войскам у ходзе аперацыі "Баграціён". Паводле слоў рэжысёра, рашэнне аб стварэнні фільма прынялі даўно, а работа пачалася 23 чэрвеня 2023 года. Здымкі праходзілі ў Беларусі, у тым ліку ў Смалявічах і Бярэзінскім запаведніку. Цікава, што ў карціне ёсць зборныя вобразы і героі, якія маюць рэальных прататыпаў, напрыклад, нямецкі ўрач, які перайшоў на бок партызан.

Калі: 2 мая, 18.00
Дзе: Дом кіно, вул. Талбухіна, 18, Мінск
Даведацца падрабязней

Канцэрт "Шэдэўры сусветнага рока" ў Мінску

Пачуць любімыя кампазіцыі ў выкананні сімфанічнага аркестра змогуць знатакі сусветнага рока. У гэты вечар на сцэне выступяць 70 артыстаў, у тым ліку музыканты, вакалісты, артысты хору. Акунуцца ў атмасферу дапамогуць відовішчнае светлавое шоу і live-трансляцыя на вялікі святлодыёдны экран. У праграме – знакамітыя кампазіцыі з рэпертуару такіх сусветна вядомых выканаўцаў і груп, як Linkin Рагк, The Prodigy, Depeche Mode, Queen, Three Days Grace, System of a Down, Bon Jovi, Metallica…

Калі: 4 мая
Дзе: КЗ "Мiнск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Вясенні абрад "Юр'е" ў Дзятлаўскім раёне

Адным з самых вядомых вясенніх абрадаў у народным календары з'яўляецца "Юр'е". Гэта земляробскае свята названа ў гонар апекуна сялянскай нівы і свойскіх жывёл святога Юрыя і спакон веку шануецца як "Другі Вялікдзень". Удзельнікі абраду праходзяць па вёсцы, спыняючыся ля крыжоў, і ў песнях просяць у святога Юрыя заступніцтва, багатага ўраджаю, добрага надвор'я, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Гэты рытуал праводзіцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Аднак асаблівасць свята "Юр'е" ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна заключаецца ў тым, што ў яго праграму ўваходзіць традыцыйны абход маладых, якія павянчаліся на працягу года.

Калі: 5 мая
Дзе: Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, в. Ахонава, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць
Даведацца падрабязней

9 мая – Дзень Перамогі

Галоўнае свята месяца краіна адзначае мноствам мерапрыемстваў – ускладаннем кветак да манументаў і помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, кранальнымі сустрэчамі з ветэранамі, канцэртамі, выстаўкамі ваеннай тэхнікі. Па традыцыі вечарам 9 мая ў Мінску неба расквеціць святочны салют. Залпы дадуць у шасці пунктах сталіцы:

  • у парку Янкі Купалы (Цэнтральны раён); 
  • у парку імя Паўлава (Маскоўскі раён); 
  • у парку імя Уга Чавеса (Фрунзенскі раён); 
  • на набярэжнай вадасховішча Дразды (Цэнтральны раён); 
  • ля "Чыжоўка-Арэны" (Заводскі раён); 
  • ля Нацыянальнай бібліятэкі (Першамайскі раён).

Дзе: усе гарады Беларусі, мемарыяльныя комплексы, музеі

"Спяваем песні Перамогі разам". Святочны канцэрт пройдзе ў Вялікім тэатры 8 мая

Мінабароны 9 Мая разгорне ў Мінску 10 тэматычных пляцовак

Больш за 25 святочных мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску ў Дзень Перамогі

Руслан Аляхно і Акадэмічны ансамбль песні і танца УС Беларусі ў Мінску

У гонар святкавання Дня Вялікай Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на галоўнай сцэне краіны ў Палацы Рэспублікі выступіць заслужаны артыст Беларусі Руслан Аляхно ў суправаджэнні заслужанага калектыву Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка падпалкоўніка Дзмітрыя Навумовіча. Гледачоў чакае музычная праграма "Спадчына", у якой прагучаць песні ваенных гадоў, напоўненыя гераічным духам і подзвігам нашых продкаў – ад непаўторнай "Кацюшы" і пранізлівай "Цёмнай ночы" да велічнага і манументальнага "Дня Перамогі".

Калі: 10 мая
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Квест "Таямніца двух куфраў" у Мірскім замку

Адна з самых наведвальных выдатных мясцін БеларусіМірскі замак – запрашае акунуцца ў гісторыю яго ўладальнікаў князёў Радзівілаў і, прайшоўшы праз выпрабаванні, разгадаць тайны знакамітага роду. Паводле легенды, у час рамонтных работ князь Міхаіл Святаполк-Мірскі знайшоў старадаўні куфар, які захоўваўся ў адным з падвалаў. З запіскі, знойдзенай побач, вынікае, што гэты скарб схаваў князь Караль Станіслаў Радзівіл Справядлівы ў час вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, князю Міхаілу не ўдаецца адкрыць куфар, таму яму патрэбны памочнікі... Акрамя таго, удзельнікі змогуць адтачыць свае кулінарныя навыкі ў гатаванні вячэры для князя, пачуюць гісторыю пра сумныя падзеі Паўночнай вайны, даведаюцца пра захапленні княгіні Марыі Гагенлоэ-Шылінгсфюрст.

Калі: 11 і 25 мая
Дзе: Мірскі замак, вул. Чырвонаармейская, 2, г. п. Мір, Гродзенская вобласць

Сямейны фестываль "Радасць" у Мінску

Адно з галоўных хрысціянскіх свят – Вялікдзень – праваслаўныя вернікі ў бягучым годзе адзначаюць 5 мая. Згодна з традыцыяй, урачыстасці ў гонар Светлага Хрыстовага Уваскрэсення прадоўжацца яшчэ на працягу 40 дзён. У гэты перыяд у Духоўна-асветным цэнтры "Каўчэг" разгорнецца сямейны фестываль "Радасць". На працягу 10 дзён тут адбудуцца канцэрты, сустрэчы, кінапаказы, лялечныя спектаклі для дзяцей, розныя творчыя майстар-класы, у якіх зможа паўдзельнічаць кожны.

Калі: 16–26 мая
Дзе: Духоўна-асветны цэнтр "Каўчэг", Даўгінаўскі тракт, 164, Мінск

Майскі баль у музеі "Сядзіба Нямцэвічаў"

Балі ў сядзібе Нямцэвічаў пасля яе аднаўлення праводзяць некалькі разоў у год. Госці могуць наведаць Калядны, або Старанавагодні баль, майскі – у "Ноч музеяў" і асенні баль – да дня нараджэння знакамітай рэзідэнцыі (кастрычнік). Праграма ўключае пяць танцавальных аддзяленняў: першыя тры - групавыя танцы, чацвёртае і пятае – парныя. Паміж імі – канцэртныя нумары і забавы: салонныя гульні, конкурсы, пешыя і конныя прагулкі. Традыцыйна гучыць класічная музыка канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў у жывым выкананні, а мерапрыемства суправаджаюць прафесійны балетмайстар, які расказвае гісторыю кожнага танца і навучае гасцей, а таксама цырымоніймайстар (распарадчык балю).

Калі: 18 мая
Дзе: гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў", в. Скокі, Брэсцкі раён

Фестываль "Жыровіцкае свята"

Фестываль духоўнай і патрыятычнай музыкі і песні праводзіцца ў гонар святкавання з'яўлення абраза Божай Маці Жыровіцкай – апякункі Беларусі. У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбудуцца традыцыйнае ўрачыстае богаслужэнне і Хрэсны ход. У другой палове дня пачнецца фестываль, у якім прымуць удзел харавыя калектывы, вакальныя ансамблі і сольныя выканаўцы з розных куткоў Беларусі. Усе жадаючыя змогуць наведаць майстар-класы рамеснікаў, агледзець выставы народнай творчасці і прадукцыі манастырскіх падворкаў, акунуцца ў купелі і выпіць гаючай вады з святой крыніцы. Таксама будуць адкрыты інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей.

Калі: 20 мая
Дзе: аг. Жыровічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць

Свята "Мядовы фальварак" у Лельчыцкім раёне

Свята "Мядовы фальварак", прымеркаванае да Сусветнага дня пчол, збярэ аматараў карыснага ласунку ў аграгарадку Сіманічы Лельчыцкага раёна. Менавіта ў гэтым краі ўдалося захаваць унікальны народны промысел – лясное бортніцтва – развядзенне і ўтрыманне пчол у дуплах - борцях (калодах), якія размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе. Традыцыя не перапыняецца на працягу больш як пяці (!) стагоддзяў. Гасцей салодкага свята чакае выстаўка-кірмаш прадуктаў пчалярства (пярга, праполіс, воск, падмор), прэзентацыя ад майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэгустацыя мёду і дамашняй выпечкі, а таксама майстар-класы па вырабе борцей для дзікіх пчол і ўстаноўцы іх на дрэвы.

Калі: 21 мая
Дзе: аг. Сіманічы, Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць

Ноч паглынальнікаў рэкламы – 2024 у Мінску

"Ноч паглынальнікаў рэкламы" – гэта захапляльны шоу-паказ лепшых рэкламных ролікаў, па-майстэрску адабраных па законах драматургіі, якія дэманструюцца на вялікім экране да самага світання. Праграма традыцыйна падзелена на некалькі сегментаў, за кожным з якіх стаіць аб'яднальная ідэя, убачаная ўважлівым поглядам знатака сусветнай рэкламы Жана Мары Бурсіко. Дзякуючы яго намаганням рэклама паўстае як самастойная форма крэатыўнага кантэнту, поўная ідэй, інсайтаў і мастацкіх шэдэўраў. Новае выказванне, за якім стаяць дзясяткі аўтараў, і майстар, які па-майстэрску выкладвае гэту ўнікальную мазаіку. Знакавая культурная падзея прызначана стаць крыніцай добрага настрою і прафесійнага натхнення.  

Калі: 24 мая
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Шляхецкі фэст "Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх"

Жамыслаўльская зямля славіцца сваёй прыгажосцю і знакамітым шляхецкім родам Умястоўскіх, які больш за 140 гадоў таму стварыў у гэтым краі палацава-паркавую рэзідэнцыю – прататып ансамбля ў Варшаве. Госці фэсту пазнаёмяцца з гісторыяй знакамітай сядзібы на маляўнічым беразе ракі, паўдзельнічаюць у святочным тэатралізаваным шэсці, прагуляюцца па старадаўнім парку. У праграме – літаратурна-тэатралізаваная кампазіцыя, канцэртныя праграмы калектываў аматарскай творчасці, майстар-класы па танцах, традыцыйных відах рамёстваў, выстаўкі-продажы народнай творчасці і сувеніраў

Калі: 25 мая
Дзе: аг. Жамыслаўль, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць

ХХІІ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка"

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах збярэ сотні талентаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. У рамках форуму, які па традыцыі адбудзецца ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, юныя таленты будуць змагацца за ўзнагароды ў вакальных намінацыях, харэаграфіі, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Свята ахопіць увесь горад: госці стануць удзельнікамі міні-паказаў, зазірнуць на каларытныя падворкі, асвояць традыцыйныя рамёствы беларусаў і пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні.

Калі: 30 мая – 2 чэрвеня
Дзе: г. Клімавічы, Магілёўская вобласць

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі