Гісторыя, Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Гісторыя

Гісторыя Беларусі

Мінск у пачатку ХХ стагоддзя<br>
Вуліца Губернатарская
Мінск у пачатку ХХ стагоддзя
Вуліца Губернатарская

Гісторыя Беларусі бярэ пачатак у каменным веку. Прадстаўленая храналогія паказвае, як падзеі мінулага сфарміравалі сучасную Беларусь.

Беларусь у каменным веку (100 000 – рубеж 3 000 да н.э.)

Засяленне тэрыторыі Беларусі першабытнымі людзьмі датуецца часам каля 250 тыс. гадоў да н.э. Стаянка эпохі каменнага веку (ніжняга-ранняга сярэдняга палеаліту) у в. Огава (Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) лічыцца найстаражытнейшай на беларускіх землях і адной з самых старажытных у межах Усходняй Еўропы.

Старажытныя паселішчы людзей каменнага веку былі знойдзены на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Стаянка эпохі палеаліту ў в. Юравічы (Калінкавіцкі раён) існавала прыкладна 26 тыс. гадоў таму, у в. Бердыж (Чачэрскі раён) – 24–23 тыс. гадоў таму. Сляды старажытных культур былі таксама знойдзены ў Брэсцкай, Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Беларусь у бронзавым веку
(рубеж 3 і 2 тысячагоддзяў – 8–6 стст. да н.э.)

Артэфакты, якія адносяцца да бронзавага веку, былі знойдзены па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Беларусь у жалезным веку і ў раннім Сярэдневякоўі
(8–7 стст. да н.э. – 8 ст. н.э.)

У перыяд  жалезнага веку на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў басейнах рэк Днепр, Дзвіна і Прыпяць сустракаліся паселішчы, якія адносяцца да археалагічных культур:

  • мілаградская культура
  • паморская культура
  • днепра-дзвінская культура
  • культура штрыхаванай керамікі

Першыя палітычныя аб’яднанні на тэрыторыі Беларусі (VI – XIII стст.)

Славяне на тэрыторыю сучаснай Беларусі пачалі пранікаць у першыя стагоддзі нашай эры. За некалькі стагоддзяў яны рассяліліся па ўсім рэгіёне, паступова асіміляваўшы балцкія плямёны, якія пражывалі на гэтых землях. У VI-IX стст. ва ўсходніх славян фарміруюцца першыя палітычныя аб’яднанні – саюзы плямёнаў. Да IX стагоддзя адносіцца першае летапіснае згадванне пра горад Полацк і Полацкае княства, якое існавала на тэрыторыі сучаснай Віцебскай і паўночнай часткі Мінскай вобласці і панавала ў рэгіёне да XIII стагоддзя.

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (XIII–XVI стст.)

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ) было магутнай дзяржавай, якая ўключала ў сябе землі сучасных Беларусі, Літвы, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласцей Украіны і захаду Расіі ад Балтыкі да Чорнага мора.

Узвышэнне ВКЛ пачалося падчас праўлення князя Міндоўга ў XIII ст. На працягу некалькіх стагоддзяў Вялікае Княства Літоўскае адыгрывала значную ролю ў еўрапейскай палітыцы. Уплыў ВКЛ пачаў слабець толькі пасля шэрага войнаў у XVI ст.

У 1569 г. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае падпісалі Люблінскую унію: на роўных правах Княства і Карона аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Пачалася новая эпоха ў беларускай гісторыі.

Рэч Паспалітая (1569–1795)

Гэта была асабліва бурная эпоха ў беларускай гісторыі. Дзяржава перажывала ўнутраныя супярэчнасці, яна пастаянна была ўцягнута ў войны, у тым ліку:

  • 1654–1667 гг. – вайна з Расіяй
  • 1700–1721 гг.Паўночная вайна (Швецыя і Расія)

У выніку бясконцых войнаў Рэч Паспалітая моцна аслабела і перастала існаваць як самастойная дзяржава. Яе тэрыторыі ў 1772, 1793 і 1795 гадах былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

Расійская імперыя (1772–1917)

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У канцы XVIII – пачатку XIX стст. на тэрыторыі Беларусі адбылося некалькі сур’ёзных канфліктаў:

  • паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794)
  • напад арміі Напалеона (1812)
  • Польскае паўстанне (1830–1831 гг.)
  • паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863–1864 гг.)

У 1880-я гады ў Санкт-Пецярбургу беларускія студэнты заснавалі рэвалюцыйную арганізацыю "Гоман". Яна стала папярэдніцай першай беларускай нацыянальнай палітычнай партыі "Грамада", сфарміраванай у 1903 годзе.

У 1906 г. у Расійскай імперыі пачалася Сталыпінская аграрная рэформа. Адным з мерапрыемстваў рэформы стала масавае перасяленне сялян (у 1906–1916 гг. больш як 335,4 тыс. чалавек) з Беларусі ў Сібір.

Першая сусветная вайна (1914–1918)

1915–1916 гг. – на тэрыторыі Беларусі адбываліся крывавыя бітвы паміж нямецкімі і рускімі войскамі.

3 сакавіка 1918 г.– падпісаны Брэст-Літоўскі дагавор, які азнаменаваў выхад Савецкай Расіі з Першай сусветнай вайны. Акупацыя Беларусі германскімі войскамі працягвалася да снежня 1918 г.

Рэвалюцыя ў Расіі (1917–1919)

сакавік 1917 г. – рэвалюцыя ў Расіі прымусіла цара Мікалая II адрачыся ад прастола.

лістапад 1917 г.Кастрычніцкая рэвалюцыя – улада ў Расіі пераходзіць да бальшавікоў.

сакавік 1918 г. –  была абвешчана  Беларуская народная рэспубліка (БНР). Яна праіснавала менш як год да вываду нямецкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

1 студзеня 1919 г. – абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Руска-польская вайна (1919–1921)

1921 г. – падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога заходнія тэрыторыі Беларусі адышлі да  Польшчы, на ўсходніх тэрыторыях адрадзілася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

1921–1941

1922 г. – Беларуская ССР увайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

1921–1928 гг. – у Беларусі, як і па ўсім Савецкім Саюзе, праводзілася Новая эканамічная палітыка (НЭП).

1921–1939 гг. – польскія ўлады ў Заходняй Беларусі актыўна праводзілі палітыку паланізацыі.  

Другая сусветная вайна і Вялікая Айчынная вайна (1939–1945 гг.)

17 верасня 1939 г. – Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, у выніку чаго гэтыя тэрыторыі ўведзены ў склад БССР.

чэрвень 1941 г. – пачалася Вялікая Айчынная вайна.

чэрвень-ліпень 1941 г.супраціўленне абаронцаў Брэсцкай крэпасці нямецкім захопнікам прадаўжалася 6 тыдняў.

верасень 1941 г. – Беларусь поўнасцю акупіравана нямецкай арміяй. Акупанты пачалі ўстанаўліваць так званы новы парадак, заснаваны на тэроры.

чэрвень 1941 г.– створана мінскае гета, у якім акрамя беларускіх знаходзіліся нямецкія і чэшскія яўрэі. Масавыя расстрэлы вязняў гета праводзіліся ў Тучынках непасрэдна да знішчэння гета ў кастрычніку 1943 г.

1941–1943 гг.Халакост у Беларусі. Масавыя забойствы яўрэяў нямецкімі войскамі прадаўжаліся да завяршэння акупацыі.

канец 1941 г. у Беларусі пачынае разгортвацца партызанскі рух, які да 1944 г. становіцца самым масавым у Еўропе.

1943 г. – мінскія падпольшчыкі забілі галоўнага нямецкага стаўленіка ў Беларусі генерала Кубэ.

канец чэрвеня – ліпень 1944 г. – у ходзе аперацыі «Баграціён» тэрыторыя Беларусі поўнасцю вызвалена Чырвонай Арміяй ад фашысцкіх акупантаў. 3 ліпеня вызвалены Мінск.

люты 1945 г. – па выніках Ялцінскай канферэнцыі, на якой у ліку іншых вырашалася пытанне аб тэрыторыях Польшчы, землі Заходняй Беларусі, за выключэннем Беластоцкай вобласці, засталіся ў складзе БССР.

май 1945 г. – скончылася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навейшая гісторыя

1945 г. – Беларусь прынята ў склад членаў – заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).

1954 г. – Беларусь уступіла ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

красавік 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой пацярпела значная тэрыторыя Беларусі.

27 ліпеня 1990 г. – Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

25 жніўня 1991 г. – наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі статусу канстытуцыйнага закону, які фактычна абвясціў незалежнасць БССР.

19 верасня 1991 г. – прынята назва дзяржавы – Рэспубліка Беларусь.

8 снежня 1991 г. – на сустрэчы кіраўнікоў Расіі, Украіны і Беларусі ў Віскулях (Брэсцкая вобласць) афіцыйна абвешчана аб спыненні існавання СССР.

15 сакавіка 1994 г. – Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якой уведзены інстытут прэзідэнцтва.

1994 г. – у Беларусі адбыліся выбары першага ў гісторыі незалежнай дзяржавы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы праходзіла 20 ліпеня 1994 г.

14 мая 1995 г. – парламенцкія выбары і першы ў гісторыі суверэннай Беларусі рэферэндум – па пытаннях надання рускай мове статусу роўнага з беларускай, устанаўлення новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй...

7 чэрвеня 1995 г. – Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны новыя Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

2 красавіка 1996 г. – Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дагавор аб утварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997 г. падпісаны дагавор аб Саюзе Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэта дата адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

19-20 кастрычніка 1996 г. – праведзены І Усебеларускі народны сход, які пасля стаў важным грамадскім інстытутам, калі дэлегаты з усёй краіны збіраюцца абмеркаваць асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.

24 лістапада 1996 г. – адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь: аб стварэнні двухпалатнага парламента, пашырэнні паўнамоцтваў Прэзідэнта. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь быў перанесены на 3 ліпеня – дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

8 снежня 1999 г. – падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, прынята Праграма дзеянняў па рэалізацыі яго палажэнняў.

10 кастрычніка 2000 г. – Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан падпісалі дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага супольніцтва (ЕўрАзЭС).

27 лістападзе 2009 г. – кіраўнікі трох дзяржаў – Беларусі, Казахстана і Расіі – падпісалі дакументы аб стварэнні з 1 студзеня 2010 года Мытнага саюза.

18 лістапада 2011 г. – прынята Дэкларацыя аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, і з 1 студзеня 2012 г. уступіў у сілу дагавор паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам аб Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

22 ліпеня 2012 г. – з касмадрома Байканур у Казахстане адбыўся запуск беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (БКА). Беларусь стала касмічнай дзяржавай.

29 мая 2014 г. – дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі ў Астане прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі – Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Уладзімір Пуцін. Дакумент уступіў у сілу 1 студзеня 2015 года.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі