Слуцкія паясы - нацыянальная каштоўнасць Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Слуцкія паясы

Слуцкія паясы


Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.

Слуцкія паясыНадзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў – слуцкія паясыткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.

Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.

Тым не менш, у нашай краіне адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі.

Слуцкія паясы: гісторыя нацыянальнага сімвала

Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях. Гэтаму садзейнічалі паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў.

Слуцкія паясыУ адзенні магнатаў пояс быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і, вядома, заможнасці. Дарагія паясы для шляхты прывозілі з усходніх краін, але ў ХVIII стагоддзі на беларускіх землях сфарміравалася ўнікальная мастацкая з’ява – "слуцкі пояс".

Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Сусветную вядомасць атрымалі паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы Радзівілаў.

Першая персіярня ўзнікла ў Нясвіжы, але па распараджэнні Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў 1750-я гады яе перанеслі ў Слуцк, які здаўна славіўся ўмелымі ткачамі.

Для кіравання быў запрошаны вядомы майстар Ян Маджарскі (Аванес Маджаранц армянскага паходжання, які працаваў у Стамбуле, Станіславе). У 1777-1807 гадах мануфактурай кіраваў яго сын Лявон.

У час росквіту ў Слуцку працавалі да 55 ткачоў (толькі мужчыны!), столькі ж чаляднікаў і прадзільшчыц. На 20-25 станках штогод выпускалі каля 200 паясоў вельмі тонкай работы.

Экспазіцыя ў мезей гісторыі слуцкіх паясоўУ хуткім часе слуцкія паясы пачалі капіраваць на іншых мануфактурах: у беларускіх Гродне, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове, польскіх Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску, французскім Ліёне, у Аўстрыі…

Але нават нягледзячы на знак "Мяне зрабіў Слуцк", гэта не былі сапраўдныя слуцкія паясы. Вытворчасць арыгіналаў на самой мануфактуры Радзівілаў прадаўжалася да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Лічаць, што сёння ў свеце захавалася каля тысячы слуцкіх паясоў. І амаль усе яны знаходзяцца за межамі Беларусі: у музейных зборах Польшчы (Варшава, Кракаў, Познань, Гданьск), Украіны (Кіеў, Львоў), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург), Літвы (Вільнюс, Каўнас), у прыватных калекцыях.

Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў розных гадоў вырабу і рознага стану, а таксама шматлікія фрагменты.

Слуцкі пояс: асаблівасці і сакрэты

Слуцкі поясКласічны слуцкі пояс – гэта раскошная доўгая (до 3,5-4 м) тканіна шырынёй 35-40 см, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі  паверх шляхецкага адзення (кунтуша).

Шыкоўны аксесуар мог быць адна-, двух-, трох-, чатырохбаковым. Кожны з бакоў выкарыстоўваўся ў залежнасці ад каларыту адзення і сітуацыі. Напрыклад, на свята пояс павязвалі наверх залатой, чырвонай часткай; у жалобу выкарыстоўваўся чорны бок; у паўсядзённым жыцці – зялёны і шэры.

Па кампазіцыі слуцкі пояс падзелены на тры часткі: два прамавугольныя канцы і асноўная частка ("сярэднік").

На "канцах" ткалі ўзоры кветак, пераплеценых сцяблін з лістамі, галінак дрэва, медальёны разнастайнай формы. Асноўная частка складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам. Часам тут з’яўляўся "лускавы" (падобны на рыбіну луску) малюнак або ўзор "у гарошак".

Уздоўж бакоў пояса – вузкі бардзюр з раслінным арнаментам. Канцы таксама завяршае паласа з арнаментам і махры.

Слуцкі пояс ткалі з натуральных шаўковых нітак: звычайных і абкручаных вельмі тонкім залатым або сярэбраным дротам. Такі каштоўны аксесуар называўся "літым", бо пасля пракатвання крыху шурпатага пояса цераз спецыяльны вал з’яўляліся незвычайная гладкасць і раскошны бляск.

На кожным поясе слуцкія майстры ставілі асаблівыя меткі: у час Рэчы Паспалітай – на лацініцы, пазней на кірыліцы: "SLUCK", "SLUCIAE", "SLUCIAE FECIT", "MEFECIT SLUCIAE" ("Мяне зрабіў Слуцк"), "ВЪ ГРАДЪ СЛУЦКЪ"…

Сучасныя слуцкія паясы

Сучасныя слуцкія паясыПа даручэнні Прэзідэнта ў Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады.

Яна прадугледжвае даследаванне гісторыі, мастацкіх асаблівасцей слуцкіх паясоў, вывучэнне тэхналогіі вытворчасці аўтэнтычных шэдэўраў на Слуцкай мануфактуры, адраджэнне іх у сучасных умовах…

І ў 2012-2013 гг. у старадаўнім горадзе Слуцку, на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў Бьеларусі "Слуцкія паясы", была арганізавана вытворчасць копій, аналагаў слуцкіх паясоў, сувеніраў з іх матывамі (мастацкія пано, аксесуары для кніг, тэлефонаў, ключоў).

Першы пояс – поўная копія арыгінальнага шэдэўра – уручаны ПрэзідэнтуВывучыўшы сакрэты ткачоў, мастацкія асаблівасці паясоў і матэрыялы, з якіх яны вырабляліся ў ХVIII стагоддзі, на прадпрыемстве аднавілі ўнікальную тэхналогію.

Першы слуцкі пояс – поўная копія арыгінальнага гістарычнага шэдэўра – уручаны Аляксандру Лукашэнку і захоўваецца ў Палацы Незалежнасці.

Пры стварэнні копій сучасныя слуцкія ткачы выкарыстоўваюць натуральны шоўк, ніткі з золатам і серабром у саставе, нітку "ізамет" і поліэстэр металік. Аналагаў гэтым вырабам у свеце няма.

На прадпрыемстве "Слуцкія паясы" працуе ўнікальны музей, дзе можна ўбачыць  сучасныя паясы, паназіраць, як ткачы ствараюць гэтыя шэдэўры, набыць сувеніры.

Акрамя паясоў, у Слуцку робяць і іншыя арыгінальныя вырабы ў беларускіх традыцыях. Напрыклад, на ручных драўляных станках тут ткуць прыгожыя абрусы, сурвэткі, беларускія ручнікі.

Цікавыя факты пра слуцкія паясы

Славуты верш "Слуцкія ткачыхі" класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча расказвае пра прыгонных дзяўчын, якія замест персідскага ўзору ткалі "цвяток радзімы васілька". Аднак лірычная гісторыя – мастацкая выдумка, паколькі ткаць паясы мелі права толькі мужчыны – умелыя майстры, праца якіх добра аплачвалася.

Стваральнік знакамітага беларускага ансамбля "Песняры", кампазітар і выканаўца Уладзімір Мулявін напісаў песню на словы Максіма Багдановіча, якая стала адной з самых папулярных у рэпертуары "Песняроў".

Партрэт Войцеха ПуслоўскагаСапраўдны слуцкі пояс мог змяшчаць да 200 грамаў золата: за адзін такі дарагі аксесуар у даўнія часы можна было купіць некалькі пародзістых коней або нават невялікі маёнтак.

У 1939 г. унікальная калекцыя слуцкіх паясоў з Нясвіжскага замка была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю Беларусі. Але ў пачатку вайны гэтыя шэдэўры, створаныя па спецыяльным заказе Радзівілаў, зніклі.

Убачыць шляхціца ў слуцкім поясе можна на партрэце Войцеха Пуслоўскага, які быў уладальнікам палаца ў Косаве. Аўтар карціны – таленавіты мастак Валенцій Ваньковіч.

Матывы слуцкага пояса адлюстраваны на ліхтарных слупах уздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску. Яны створаны па праекце даваеннага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі Мікалая Міхалапа.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі