Іосіф Лангбард
Таленавіты архітэктар, адзін з выдатных еўрапейскіх майстроў XX стагоддзя, жыццё і творчасць якога цесна звязаны з Беларуссю. Нарадзіўся ў 1882 г. у мястэчку Бельск Гродзенскай губерні ў яўрэйскай сям'і.
Асаблівая роля належыць Лангбарду ў стварэнні аблічча Мінска. Жамчужынамі горада сталі яго Дом урада, Вялікі тэатр оперы і балета, Дом Чырвонай арміі і Флота (Дом афіцэраў), галоўны корпус Акадэміі навук. У 1937 годзе за свае мінскія збудаванні Іосіф Лангбард атрымаў гран-пры на Сусветнай выставе ў Парыжы. У 1938 годзе займаўся рэканструкцыяй фасада тэатра Янкі Купалы, а ў 1950-м разам з Міхаілам Бакланавым праектаваў кінатэатр "Перамога". Больш за тое, генеральныя планы Мінска – даваенны і пасляваенны (хай і рэалізаваныя не поўнасцю) з яго шырокімі праспектамі, плошчамі і паркамі – таксама былі часткай задум Лангбарда.
У 2012 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў гонар 130-годдзя майстра адбылася выстава, якая ўпершыню прадставіла Іосіфа Лангбарда не толькі выдатным архітэктарам, але і мастаком.