Міхаіл Савіцкі
Народны мастак, Герой Беларусі Міхаіл Савіцкі, які прайшоў праз вайну, канцлагеры і жорсткія катаванні, стаў найвялікшым майстрам ХХ стагоддзя, сказаў: "Я дабіўся права гаварыць праўду"...
Ён нарадзіўся ў 1922 г. на Віцебшчыне. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўслед за трыма братамі Міхаіл пайшоў на фронт, стаўшы адзіным, каму наканавана было вярнуцца. 250 дзён гераічнай абароны Севастопаля, апошні бой каля Херсонескага маяка, чацвёра сутак без вады і хлеба, раненне, палон, перасыльныя лагеры ў Бахчысараі і Мікалаеве, адпраўка ў Германію... У фашысцкіх лагерах смерці мастак прабыў 2 гады 9 месяцаў. Спачатку былі шталаг 326 і працоўны лагер ваеннапалонных у Дзюсельдорфе пры вагоннай фабрыцы, дзе Савіцкі стаў удзельнікам дыверсійнай групы супраціўлення. Пры спробе ўцёкаў у Францыю іх схапілі і Міхаіла павінны былі пакараць смерцю разам з таварышамі, але замянілі пакаранне смерцю на лагер знішчэння Бухенвальд. Затым ён быў адпраўлены ў канцлагер Мітэльбау-Дора, далей у Дахау. Пры чарговай спробе ўцёкаў патрапіў у штрафны барак, з якога была дарога толькі ў печ крэматорыя. На шчасце, 29 красавіка 1945 года наступіла доўгачаканае вызваленне. Нягледзячы на непрыдатнасць па здароўі, Савіцкі дабіўся, каб яго пакінулі ў Чырвонай арміі, і служыў да 1947 года на тэрыторыі Германіі і Венгрыі.
Праз гады мастак стварыў адзін з самых цяжкіх і ўражлівых цыклаў у сваёй творчасці –
"Лічбы на сэрцы". Гэтыя 16 карцін напоўнены і сімвалізмам, і кранальнай душу дакладнасцю аповяду аб жахах, якія тварылі фашысты ў канцлагерах.
Міхаіл Савіцкі – Чалавек і Майстар, які аказаў самы вялікі ўплыў на фарміраванне нацыянальнага выяўленчага мастацтва. У творах мастака адлюстраваны не толькі яго асабісты лёс, але і важныя гістарычныя падзеі, якія выпалі на долю беларускага народа ў другой палове ХХ стагоддзя. Асноўныя тэмы яго творчасці – трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, партызанскі рух, мірнае жыццё і стваральная праца, мацярынства, біблейскія сюжэты, экалогія і чарнобыльская тэхнагенная катастрофа.