Гаўрыла Вашчанка
Народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка – выдатны жывапісец, манументаліст, настаўнік, які за сорак гадоў педагагічнай дзейнасці выхаваў яшчэ цэлую плеяду таленавітых беларускіх мастакоў. У брытанскім Кембрыджы і ў ЗША Гаўрылу Вашчанку прызнавалі "Чалавекам эпохі" і "Чалавекам ХХ стагоддзя".
Самыя вядомыя працы мастака – оды роднаму Палессю. Менавіта Гаўрыла Вашчанка зрабіў бусла, які расправіў крылы, сімвалам спачатку палескага краю, а затым і ўсёй Беларусі. Тэмы вайны і мужнасці народа, чарнобыльскай катастрофы сталі для яго і болем, і натхненнем. Родная вёска майстра апынулася ў зоне адчужэння. Гэтай трагедыі народа ён прысвяціў праніклівыя работы "Радыяцыя", "Чарнобыльскі рэквіем", "Зорка Палын", "Маці-пакутніца"...
Гаўрыла Вашчанка выратаваў ад зносу і перабудовы знакаміты Чырвоны касцёл Мінска – касцёл Святога Сымона і Святой Алены. У паўразбураным будынку знаходзіўся склад кінастудыі і меркавалася, што на гэтым месцы будзе Дом кіно. Мастаку прапанавалі распрацаваць інтэр'ер і стварыць вітражы. Гэтыя каляровыя вітражы майстар прысвяціў тэме кіно, у цэлым удыхнуў новае жыццё ў ансамбль, дзякуючы чаму будынак вырашылі не зносіць і не перабудоўваць, а пазней ён зноў стаў храмам.