Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь

Царква Святой Троіцы – унікальны храм XIX стагоддзя

9
Царква Святой Троіцы – унікальны храм XIX стагоддзя
Царква Святой Троіцы ў вёсцы Вялікая Сваротва (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) – адзіны ў краіне трохвугольны храм XIX стагоддзя. Першы, яшчэ драўляны, уніяцкі храм незвычайнай архітэктуры збудавалі ў 1747 годзе. Гэта было трохграннае збудаванне з шатровым дахам, увайсці ў які можна з любога з трох бакоў. Храм служыў прыходам для вернікаў трох канфесій – праваслаўных, католікаў і ўніятаў. У цэнтры храма стаяў трохвугольны прастол з трыма абразамі. Прыхільнікі розных канфесій уваходзілі кожны са свайго боку. У 1823 годзе на тым жа месцы было вырашана ўзвесці новую царкву, але ўжо з бутавага каменю – таксама трохвугольную ў плане, якая поўнасцю паўтарыла архітэктурныя асаблівасці папярэдніка. Рознакаляровыя сцены з бутавага каменю нечым нагадваюць крапасныя. На вяршыні незвычайнага трохсхільнага даху ўзвышаецца трохвугольная ў плане вежка з шатром і крыжам. У 1943 годзе храм быў знішчаны агнём і разбураны, аднаўленчыя работы пачаты толькі ў 2006 годзе. У 2009 годзе поўнасцю адноўленую царкву асвяцілі ў гонар Святой Троіцы. Незвычайны храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.