20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Комплекс мер па вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016 годзе і забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці зацверджаны сумеснай пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка нумар 28/2 ад 18 студзеня 2016 года. Аб гэтым паведамляецца на сайце беларускага ўрада.
"Комплекс мер уключае пералік мерапрыемстваў па забеспячэнні ў рэспубліцы ў 2016 годзе эканамічнага росту і павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва пры макраэканамічнай збалансаванасці. Дакумент згрупаваны па раздзелах і змяшчае 93 пункты", - гаворыцца ў паведамленні.
Размова ідзе аб мерапрыемствах у галіне знешнеэканамічнай, інтэграцыйнай, інвестыцыйнай, інавацыйнай, прамысловай, цэнавай, антыманапольнай, сацыяльнай, рэгіянальнай і грашова-крэдытнай палітык. У дакумент уключаны меры па развіцці ўнутранага рынку, прадпрымальніцтва, удасканаленні сістэмы кіравання эканомікай, функцыянавання банкаўскай сістэмы.
У комплекс мер таксама ўвайшла распрацоўка праграмы развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы да 2020 года. Акрамя таго, будзе падрыхтаваны праект дзяржаўнай праграмы "Энергазберажэнне" на 2016-2020 гады, якая прадугледжвае ў тым ліку зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту ў 2016 годзе не менш як на 0,4 працэнта.
Пастанова нумар 28/2 прынята ў мэтах рэалізацыі ўказа ад 18 снежня 2015 года нумар 504 "Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 год".