18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У мэтах стварэння больш спрыяльных умоў для інвесціравання ў будаўніцтва аб’ектаў аднаўляльнай энергетыкі і прадастаўлення гарантый дзяржавы па абароне інвестыцый у такія аб’екты Прэзідэнт Беларусі 18 мая падпісаў указ нумар 209 "Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Указам прадугледжваецца замацаваць нязменнымі павышаючыя каэфіцыенты, якія прымяняюцца пры вызначэнні тарыфаў на электрычную энергію, што вырабляецца ўстаноўкамі па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі, на працягу 10 гадоў з даты ўводу ўстановак у эксплуатацыю.
Дакумент прадугледжвае таксама дыферэнцыраванне павышаючых каэфіцыентаў не толькі ў залежнасці ад віду аднаўляльных крыніц энергіі, але і ад іншых параметраў установак (электрычная магутнасць, тэрмін службы абсталявання на дату ўводу ўстановак у эксплуатацыю і інш.).
Ураду прадастаўлена права на ўстанаўленне і размеркаванне квот на будаўніцтва ўстановак па відах (энергія сонца, ветру, вады, біягаз) для вызначэння эканамічна апраўданых аб’ёмаў іх будаўніцтва, выключэння празмернага развіцця па асобных напрамках, забеспячэння выбару найлепшых тэхнічных прапаноў і найбольш эканамічна дасканалых установак.