15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 снежня зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Праграма падрыхтавана ўрадам на базе асноўных яе палажэнняў, адобраных раней пятым Усебеларускім народным сходам.
У дакуменце дадзена ацэнка развіцця нацыянальнай эканомікі ў 2011-2015 гадах, сфармуляваны мэты, задачы, прыярытэты і чаканыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2016-2020 гадах.
Разам з захаваннем пераемнасці курсу і базавых асноў беларускай мадэлі развіцця вызначаны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі.
Павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця вызначана Праграмай як галоўная мэта развіцця Беларусі. Для яе дасягнення ўстаноўлены актуальныя пры існуючых глабальных тэндэнцыях прыярытэты, на рэалізацыі якіх будуць сканцэнтраваны ўсе ўнутраныя і знешнія рэсурсы, нацэлена работа ўсёй вертыкалі ўлады.
Па-першае, гэта інвестыцыі - як крыніца тэхналагічнага абнаўлення базавых і фарміравання новых інавацыйных галін эканомікі.
Па-другое, эфектыўная занятасць на новых рабочых месцах з высокай прадукцыйнасцю - як сродак выкарыстання працоўнага патэнцыялу і сацыяльнай стабільнасці.
Па-трэцяе, экспарт - як галоўная кропка прыкладання намаганняў для збалансаванага эканамічнага развіцця.
Асновай росту канкурэнтаздольнасці будзе інавацыйнае развіццё, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, зніжэнне ўсіх відаў затрат, павышэнне ўкладу малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта непасрэдна звязана з прыярытэтамі пяцігодкі "Інфарматызацыя" і "Моладзь".
Інфарматызацыя ўнясе сістэмны ўклад у развіццё высокатэхналагічнага сектара эканомікі, пераход да лічбавай эканомікі, фарміраванне спрыяльнага інстытуцыянальнага і бізнес-асяроддзя.
Менавіта маладое пакаленне павінна адыграць вырашальную ролю ў пераходзе Беларусі ад індустрыяльнага да інавацыйнага шляху развіцця, эканоміцы ведаў. Таму Праграмай прадугледжваецца комплекснае пашырэнне мер падтрымкі моладзі.
У дакуменце таксама змешчаны канкрэтныя галіновыя задачы, пры гэтым акцэнт зроблены на паскоранае фарміраванне новых высокатэхналагічных сектараў эканомікі.
Акрамя таго, задаецца вектар развіцця рэгіёнаў, падкрэсліваецца ўзрастанне іх ролі праз фарміраванне цэнтраў росту. Раскрываюцца меры інвестыцыйнай, інавацыйнай, бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і знешнеэканамічнай палітыкі.
Захоўваецца сацыяльная накіраванасць эканамічнай палітыкі. Для грамадзян забяспечваюцца даступнасць паслуг аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры і спорту незалежна ад месца іх пражывання. Узмоцніцца адраснасць і мэтавы характар дзяржаўнай падтрымкі.
Будуць прыняты меры і па стрымліванні кошту квадратнага метра жылля, які ў 2020 годзе павінен адпавядаць сярэдняй заработнай плаце па краіне.
Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт штогадовага ўстанаўлення памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек.
Акрамя таго, вызначаны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі. Сярод іх неабходна вылучыць разняволенне дзелавой ініцыятывы, удасканаленне адносін уласнасці, кантрольнай дзейнасці і стварэнне рэальных умоў па паляпшэнні вядзення бізнесу.
У мэтах выканання пастаўленых Праграмай задач урадам будзе распрацаваны Комплекс мер па яе рэалізацыі, які ахоплівае ўсе напрамкі эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Рэалізацыя запланаваных мерапрыемстваў забяспечыць структурнае ўдасканаленне і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, устойлівы эканамічны рост на збалансаванай аснове.
У прыватнасці, тэмп росту валавога ўнутранага прадукту за пяцігоддзе прагназуецца ў дыяпазоне 112,1-115 працэнтаў. Гэта больш як у два разы вышэй у параўнанні з мінулай пяцігодкай (105,9 працэнта). Інфляцыя як паказчык унутранай збалансаванасці да канца пяцігоддзя не перасягне 5 працэнтаў, паказчык знешняй збалансаванасці - сальда знешняга гандлю - пачынаючы з 2017 года прагназуецца ўстойліва дадатным.
Адначасова тэмп росту рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе адносна 2015 года складзе 109,5-111,6 працэнта.