20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 338 "Аб падатковым кансультаванні", які ўкараняе ў краіне прафесійны інстытут пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Інстытут падатковага кансультавання запатрабаваны і паспяхова функцыянуе ў многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі і іншых дзяржавах. Яго прымяненне дае магчымасць засцерагчы бізнес ад памылак і парушэнняў падатковага заканадаўства, знізіць карупцыйныя рызыкі ў сферы падаткаабкладання.
Інстытут падатковых кансультантаў ствараецца ў Беларусі з улікам станоўчага замежнага вопыту. Правам аказання такіх паслуг надзяляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і камерцыйныя арганізацыі, якія маюць у сваім штаце не менш за аднаго падатковага кансультанта. Пры гэтым працаваць на такой пасадзе спецыяліст зможа пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену ў Міністэрстве па падатках і зборах і атрымання атэстата падатковага кансультанта.
Акрамя кансультавання гэтыя спецыялісты будуць мець права аказваць паслугі па вядзенні бухгалтарскага і падатковага ўліку, складанні справаздачнасці, прадстаўленні інтарэсаў асоб, якіх кансультуюць, у дзяржаўных органах і арганізацыях.
Зварот да падатковых кансультантаў будзе мець выключна добраахвотны характар і ні ў якім разе не будзе навязвацца прадпрымальнікам і арганізацыям.
У адпаведнасці з дакументам на падатковых кансультантаў ускладаецца поўная матэрыяльная адказнасць за якасць і рэзультат іх дзейнасці, а магчымыя рызыкі прычынення шкоды падлягаюць абавязковаму страхаванню.
Выданне ўказа будзе садзейнічаць правільнаму вылічэнню суб'ектамі гаспадарання падаткаў, дасць магчымасць знізіць верагоднасць учынення падатковых правапарушэнняў, мінімізаваць выдаткі бізнесу па выплаце пені і штрафаў за гэтыя парушэнні.