25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Ён грунтуецца на дзеючых цяпер нормах законаў "Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь", "Аб бiблiятэчнай справе ў Рэспублiцы Беларусь", "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь", "Аб творчых саюзах i творчых работнiках", "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб музеях i Музейным фондзе Рэспублiкi Беларусь", "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь".
Кодэксам прадугледжваецца стварэнне на базе існуючых прававых інстытутаў адзінага механізму рэгулявання адносін у сферы культуры і адначасовае ўстараненне недахопаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы, забяспечваецца скарачэнне прававых актаў па пытаннях культуры і іх упарадкаванне.
У мэтах захавання культурных каштоўнасцей, развіцця арганізацый культуры і забеспячэння агульнадаступнасці культурных здабыткаў Кодэксам устанаўліваюцца прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці і рэгулююцца праваадносіны ў наступных сферах: захаванне і развіццё культурных каштоўнасцей, ахова гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны; бібліятэчная і музейная справа; кінематаграфічная дзейнасць; народныя мастацкія рамёствы, дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці; правядзенне культурных мерапрыемстваў, арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва; узнагароды ў сферы культуры.
Кодэкс уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.