4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву нумар 7 "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 20 кастрычніка 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, даручэнні і патрабаванні кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Асноўнымі мэтамі, што вызначаюць перспектыўныя напрамкі развіцця галіны, з'яўляюцца павышэнне якасці паслуг і правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, аказанне дзяржаўнай падтрымкі малазабяспечаным і сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян, удасканаленне работы з насельніцтвам, развіццё механізмаў грамадскага кантролю ў сферы ЖКГ, стымуляванне грамадзян да ўдзелу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллёвым фондзе, шырокае ўключэнне насельніцтва ў работу па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.
Дырэктыва таксама накіравана на ўдасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі (скарачэнне аб'ёмаў іх накаплення, больш глыбокая перапрацоўка і другаснае выкарыстанне гэтых адходаў), паэтапная адмова ад поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, у тым ліку са шкла і паперы.
Комплекснае вырашэнне пастаўленых задач дасць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг і работы з насельніцтвам, забяспечыць павышэнне камфортнасці ўмоў пражывання, стварыць умовы для павышэння эфектыўнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устойлівага развіцця аб'ектаў камунальнай інфраструктуры, забяспечыць удасканаленне структуры кіравання ЖКГ і павысіць узровень прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для галіны.
У 2020 годзе плануецца дасягнуць уводу 3,6 млн. кв.м агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту і павялічыць да 25 працэнтаў узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў. У 2025 годзе плануецца забяспечыць 100 працэнтаў спажыўцоў якаснай пітной вадой.