3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння на пасяджэнні прынялі ў першым чытанні праект закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2017 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце фінансаванне аховы здароўя і адукацыі. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме Br457,8 млн. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Прафіцыт бюджэту ў 2017 годзе складзе Br1 496,2 млн.
Даходы па праекце бюджэту на 2017 год прадугледжваюцца ў суме Br18 235,2 млн, або з ростам да чаканага выканання 2016 года на 6,1 працэнта. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў з'яўляюцца падатак на дабаўленую вартасць (31,5 працэнта), акцызы (7,6 працэнта), падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці (10,5 працэнта).
Міністр фінансаў Уладзімір Амарын растлумачыў, што паступленне падатковых даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці запланавана са змяншэннем у параўнанні з 2016 годам. Гэта абумоўлена зніжэннем даходаў ад вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, улічваючы прадугледжаную макрапараметрамі цану на нафту і рэалізацыю завяршальнага этапу падатковага манеўру ў Расіі. "Даходная база бюджэту вельмі адчувальная да змяненняў цэн і аб'ёмаў экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, курса беларускага рубля", - адзначыў міністр.
Расходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2017 год прадугледжваюцца ў суме Br6 739,1 млн, або 98,9 працэнта да чаканага выканання 2016 года.
Ключавой задачай развіцця Беларусі на 2017 год будзе з'яўляцца аднаўленчы рост эканомікі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці і фарміраванне ўмоў для дасягнення мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.