19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апублікавана Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Дакумент у поўнай версіі даступны на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Канцэпцыя ўяўляе сабой сістэму афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, вызначае стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.
Дакумент забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі, стварае метадалагічную аснову для ўдасканалення дзейнасці па яе ўмацаванні, служыць падставай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, выпрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы.
Канцэпцыя грунтуецца на Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі і зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце.
Як адзначаецца ў дакуменце, на цяперашнім этапе сусветнага развіцця інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для сучаснага чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах.
Інфармацыйнае грамадства, якое фарміруецца ў глабальным маштабе, уяўляе сабой новы этап развіцця цывілізацыі з пераважаннем ведаў і інфармацыі, уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій на ўсе сферы чалавечай дзейнасці. Кардынальна павышаецца роля інфармацыйных тэхналогій у рэалізацыі правоў і свабод грамадзян.
Разам з тым трансфармацыя соцыуму ў інфармацыйнае грамадства параджае новыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія закранаюць непасрэдна пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку абароненасць інфармацыйнай прасторы, інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных сістэм і рэсурсаў.
"Фарміраванне ў Рэспубліцы Беларусь інфармацыйнага грамадства, якое забяспечвае даступнасць інфармацыі, распаўсюджванне і выкарыстанне ведаў для паступальнага і прагрэсіўнага развіцця, разглядаецца як нацыянальны прыярытэт і агульнадзяржаўная задача", - падкрэсліваецца ў дакуменце.
Усяго канцэпцыя на 30 старонках уключае ў сябе сем раздзелаў і 27 глаў. У тым ліку даецца ацэнка стану і развіццю інфармацыйнай сферы ў Беларусі, пералічваюцца мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі, даюцца азначэнні такім ключавым паняццям, як інфармацыйныя суверэнітэт і нейтралітэт, удзелена ўвага пытанням рэагавання на рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы.
Бяспека інфармацыйнай прасторы вызначана як адна з важнейшых умоў развіцця суверэннай, дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы. У гэтым плане размова ідзе аб захаванні традыцыйных асноў і каштоўнасцей, бяспекі масавай інфармацыі, інфармацыйным забеспячэнні і суправаджэнні дзяржпалітыкі.
Вялікая ўвага ў канцэпцыі ўдзелена і пытанням забеспячэння бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры, у тым ліку нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, процідзеянню кіберзлачыннасці.