Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Ваенна-гістарычны турызм | Помнікі Вялікай Айчыннай вайны

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі


У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на гэтай шматпакутнай зямлі.

Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, але галоўнае – з'яўляюцца святым месцам ушанавання загінулых, вечным напамінам аб тым, які бясцэнны мір...

Манумент Перамогі ў Мінску

Манумент Перамогі ў Мінскуг. Мінск, плошча Перамогі

Комплекс "Мінск – горад-герой"

Комплекс "Мінск – горад-герой"Стэла "Мінск – горад-герой", пабудаваная ў 1985 годзе ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі, сёння ўваходзіць у грандыёзны ансамбль Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У 1974 годзе Мінск атрымаў званне Горада-героя за мужнасць і адвагу яго жыхароў у час фашысцкай акупацыі, якая прадаўжалася 1100 дзён і начэй. Вянчае 45-метровы абеліск Зорка Героя, а каля п'едэстала выгравіраваны тэкст аб прысваенні гораду ганаровага звання. Дапаўняе ансамбль бронзавая скульптура жанчыны з высока ўзнятымі фанфарамі - сімвал Радзімы-маці. У нашы дні каля стэлы "Мінск-горад-герой"  праходзяць грандыёзны ваенны парад і шэсце ў галоўнае нацыянальнае свята – Дзень Незалежнасці.

г. Мінск, праспект Пераможцаў

Мемарыяльны комплекс "Хатынь"

Мемарыяльны комплекс "Хатынь"

Сімвал трагедыі і неверагоднай мужнасці беларускага народа, памяць аб кожным трэцім жыхары краіны, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны… Беларуская вёсачка Хатынь знакаміта на ўвесь свет. Тут 22 сакавіка 1943 года пакутніцкую смерць прынялі 149 жыхароў, уключаючы старых і 75 дзяцей. Безабаронных людзей фашысты палілі жыўцом у зачыненым хляве, а тых, хто спрабаваў выбрацца з агню, "палівалі" аўтаматнымі чэргамі. У памяць аб трагедыі Хатыні і соцень іншых знішчаных разам з людзьмі вёсак быў заснаваны ўражальны мемарыял. З моманту адкрыцця ў 1969 годзе тут пабывала больш як 36 мільёнаў чалавек з розных куткоў свету.

Мінская вобласць, Лагойскі раён

Мемарыяльны комплекс "Дальва"

Мемарыяльны комплекс "Дальва"

Больш за 5 тысяч беларускіх вёсак было сцёрта з зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і Дальва, якая 19 чэрвеня 1944 года паўтарыла трагічны лёс Хатыні. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца мемарыял памяці загінулых, бетонныя вянкі зрубаў хат і невялікі музей. Ініцыятарам стварэння комплексу, чалавекам, што прысвяціў яму ўсё жыццё, быў Мікалай Гірыловіч, які цудам выжыў у той трагічны дзень. Астатнія жыхары вёскі – 44 чалавекі, 29 з якіх – дзеці, былі сагнаны ў адзін дом і спалены жывымі. Бязлітасную карную аперацыю фашысты правялі ўсяго за 10 дзён да прыходу войскаў Чырвонай Арміі...

Мінская вобласць, Лагойскі раён

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы"

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы"

Манументальны "Курган Славы" заснаваны ў гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ваеннай аперацыі "Баграціён" – адной з буйнейшых у гісторыі чалавецтва – прымалі ўдзел чатыры франты пад камандаваннем праслаўленых палкаводцаў Ракасоўскага, Захарава, Чарняхоўскага і Баграмяна, а таксама маракі Дняпроўскай рачной флатыліі, французскія лётчыкі эскадрылллі "Нармандыя" і, вядома, беларускія партызаны. Агульная вышыня манумента – 70,6 м. На вяршыні ўзгорка (35 м), які захоўвае зямлю з гарадоў-герояў, знаходзяцца чатыры штыкі-абеліскі, што сімвалізуюць братэрства воінаў, і кальцо Славы, на якім адлюстраваны твары салдат і партызан.

Да вяршыні Кургана Славы вядуць дзве бетонныя лесвіцы – па 241 ступені ў кожнай. А ля падножжа знаходзіцца музей пад адкрытым небам, дзе можна ўбачыць легендарныя гарматы і танкі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Мінская вобласць, Смалявіцкі раён

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Цікавы ваенны музей пад адкрытым небам заснаваны ў гістарычных месцах Мінскага ўмацавальнага раёна – часткі знакамітай "Лініі Сталіна", пабудаванай у 1930-я гады ўздоўж граніцы СССР ад Карэліі да Чарнаморскага ўзбярэжжа. На тэрыторыі комплексу, дзе захаваліся сапраўдныя ДОТы, можна ўбачыць усе віды акопаў, траншэй і процітанкавых ірвоў, стралковыя пазіцыі, бліндажы для байцоў і акопы для гармат. Тут жа сабрана самая вялікая ў Беларусі экспазіцыя ваеннай тэхнікі, авіяцыі і зброя розных гадоў, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, унікальная калекцыя бронекаўпакоў, што захаваліся з Першай сусветнай…

"Лінія Сталіна"інтэрактыўны комплекс: тут вы ўбачыце рэканструкцыі гістарычных баёў, выпрабуеце сапраўдную зброю часоў Вялікай Айчыннай вайны (вінтоўку Мосіна, Маўзер або кулямёт Максім), пакатаецеся на сучаснай бранятэхніцы і легендарных ваенных танках, пакаштуеце салдацкую кашу. У комплексе створана мемарыяльная лінія "Марская слава Беларусі", сярод экспанатаў якой – 300-гадовы якар часоў Пятра I і славуты плаваючы танк ПТ-76.

Мінскі раён

Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"

Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны галоўная цытадэль Беларусі першай прыняла ўдар і 28 дзён стрымлівала націск нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гонар абаронцаў крэпасці быў узведзены грандыёзны мемарыяльны комплекс, у цэнтры якога ўстаноўлены манумент "Мужнасць" вышынёй 33,5 м з выявай воіна і сцяга. Унікальны архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам расказвае аб падзеях гераічнай абароны. Тут можна ўбачыць 100-метровы штык-абеліск – сімвал перамогі над ворагам, ушанаваць памяць загінулых на плошчы Цырыманіялаў, наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці, пабываць на месцы аднаго са старадаўніх каменных будынкаў старога Брэст-Літоўска – Белага палаца.

На тэрыторыі крэпасці ў 1851-1876 гадах быў пабудаваны Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор – велічная базіліка ў візантыйскім стылі, адзін з самых прыгожых храмаў у цэнтры Еўропы. У пачатку вайны ён стаў важным пунктам абароны крэпасці.

г. Брэст

Мемарыяльны комплекс вызваліцелям Пінска

Мемарыяльны комплекс вызваліцелям ПінскаУ сэрцы мемарыяла, прысвечанага героям-вызваліцелям Пінскабрацкая магіла, дзе знаходзіцца прах 244 салдат, помнік бранякатару БК-92 і сімвалічны знак, устаноўлены на месцы высадкі дэсанта Дняпроўскай флатыліі. Побач узноўлены знакаміты "Дот Малчанава": у 1944 годзе тут размяшчаўся камандны пункт маёра Георгія Малчанава, які камандаваў 1323-м стралковым палком. Менавіта адсюль прыйшло першае паведамленне аб вызваленні Пінска. У нашы дні ўзноўлены інтэр'ер легендарнага штаба, а ў экспазіцыі можна ўбачыць планы ваенных аперацый, карты, часопіс памяці салдат... Пасля рэканструкцыі ў мемарыяльным комплексе з'явіўся музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.

 Брэсцкая вобласць, г. Пінск

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыял прысвечаны воінам, якія ў ліпені 1941 года на працягу 23 дзён абаранялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Подзвіг салдат стаў адной з самых яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны, і нярэдка Магілёў называюць "бацькам Сталінграда". У цэнтры комплексу – чырвоная капліца, дзе ўстаноўлены памятныя дошкі з імёнамі загінуўшых абаронцаў і народных апалчэнцаў, а таксама маятнік Фуко – сімвал вечнай памяці. Ад капліцы разыходзяцца 4 алеі, адна з якіх прысвечана першаму "летапісцу" магілёўскай абароны – аўтару рамана "Жывыя і мёртвыя" Канстанціну Сіманаву. Побач размешчана экспазіцыя ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.

Непадалёку ад капліцы знаходзіцца Возера Слёз, якое ўвасабляе пакуты ўсіх маці, якія страцілі дзяцей у час вайны.

г. Магілёў

Мемарыяльны комплекс "Зямлянка"

Мемарыяльны комплекс "Зямлянка"Вялікая партызанская "зямлянка" з бетону, а таксама стэла з памятным надпісам з'явіліся ў 1982 годзе на 1-м кіламетры шашы Магілёў Чавусы. У гэтых мясцінах у пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся штаб Заходняга фронту. Тут 1 ліпеня 1941-га з удзелам маршалаў Савецкага Саюза К.Варашылава і Б.Шапашнікава адбылася першая нарада па абароне Дняпроўскага рубяжа і стварэнні падпольных атрадаў у тыле ворага. А праз некалькі сутак пачалася гераічная абарона Магілёва, на подступах да якога 23 дні і ночы стаялі 172-я (генерал М.Раманаў) і 110-я (палкоўнік В.Хлебцаў) стралковыя дывізіі 61-га стралковага корпуса 13-й арміі, іншыя падраздзяленні Чырвонай Арміі, што рухаліся з захаду, і народныя апалчэнцы, якія ўсталі на абарону роднага горада.

Магілёўскі раён

Мемарыяльны комплекс "Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці"

Сцяна памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласціМемарыяльны ансамбль у Барках Кіраўскага раёна захоўвае памяць аб спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсках Магілёўшчыны. Так склалася, што мясцін, што падзялілі лёс сумна вядомай на ўвесь свет Хатыні, у Беларусі – сотні. Трагічныя гісторыі многіх з іх пакладзены ў аснову знакамітай дакументальнай кнігі "Я з вогненнай вёскi" беларускіх аўтараў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, якія запісалі для нашчадкаў праўдзівае апавяданне больш як 300 сведак тых дзён... У крывавым спісе і Баркі, якія ўвайшлі ў гісторыю адной з самых масавых карных аперацый вайны. 15 чэрвеня 1942-га фашысты спалілі жыхароў вёскі і навакольных сёл – усяго больш за 2000 чалавек… Праз дзесяцігоддзі тут узведзены Сцяна памяці і шэсць пліт з назвамі знішчаных вёсак, званы і капліца ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых".

Магілёўская вобласць, Кіраўскі раён, в. Баркі

Мемарыял воінскай славы "Лудчыцкая вышыня"

Мемарыял воінскай славы "Лудчыцкая вышыня"

Сімвалічная фігура гусляра, які праслаўляе подзвігі воінаў, узвышаецца над высокім земляным курганам. Нібыта застылая ў паветры вечная песня мужнасці ўслаўляе гераізм і адвагу загінулых салдат. Ля падножжа кургана – сцяна-стэла з шасцю барэльефамі Герояў Савецкага Саюза: Уладзіміра Мартынава, Сундуткалі Іскаліева, Гуляма Якубава, якія аддалі свае жыцці пры штурме Лудчыцкай вышыні ў чэрвені 1944 года, а таксама Івана Барысевіча, Пятра Вінічэнкі і Галакціёна Размадзэ, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Быхаўскай зямлі. Сімвал памяці аб вайне – Вечны агонь – гарыць ля помніка, а імёны салдат, загінулых у баях за вышыню, напісаны на мемарыяле ля кургана воінскай славы...

Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён

Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Беларускага фронту і партызанаў

Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Беларускага фронту і партызанаўМемарыяльны комплекс у Сычкаве прысвечаны салдатам і партызанам, якія ў чэрвені 1944-га ўдзельнічалі ў вырашальным этапе вызваленчай аперацыі "Баграціён". У "Бабруйскім катле" была разгромлена 40-тысячная нямецкая групоўка армій "Цэнтр". У 1967 годзе мясцовыя жыхары ўвекавечылі подзвіг герояў-вызваліцеляў у Кургане Славы, унутры якога закладзены капсулы з зямлёй з 70 брацкіх магіл. На 18-метровым пастаменце ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя двух салдат, а побач – 6 стэл з выявамі загінулых Герояў Савецкага Саюза: Івана Арла, Мікалая Калодкі, Аляксандра Чарныша, Міхаіла Селязнёва, Івана Маслоўскага і Мікалая Ізюмава. У наш час мемарыял дапоўнілі Брама Славы і 13 памятных дошак у гонар Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні краю.

Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён

Мемарыяльны комплекс "Плошча Перамогі" ў Віцебску

Мемарыяльны комплекс "Плошча Перамогі" ў Віцебску

Мемарыял у гонар савецкіх воінаў і партызан Віцебшчыны, які гараджане называюць "Тры штыкі", размешчаны на беразе ракі Дзвіны ў сэрцы горада. Кожны з трох 56-метровых абеліскаў-штыкоў вянчае літы рэльеф – "Воіны", "Падпольшчыкі", "Партызаны". Вечны агонь, запалены на зорцы-подыуме, асвятляе надпіс унутранага кальца манумента – "Слава героям". Акрамя галоўнага мэмарыяла, у комплекс уваходзяць 2 вялікія басейны з фантанамі, 10 пілонаў і скульптурныя кампазіцыі з выявамі савецкіх воінаў і мірных жыхароў. У парку Пераможцаў знаходзяцца таксама Алея воінскай славы і экспазіцыя баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

г. Віцебск 

Мемарыяльны комплекс "За нашу Савецкую Радзіму" ("Кацюша")

Мемарыяльны комплекс "Кацюша" ў ОршыНа беразе Дняпра ў Оршы ўзвышаецца манумент легендарнай зброі Перамогі – баявой машыне рэактыўнай артылерыі БМ-13, якую савецкія воіны назвалі "Кацюшай". Яе ўстройства і ашаламляльны эфект вогненнага смерчу доўгія гады заставаліся для немцаў тайнай. І менавіта ў Оршы 14 ліпеня 1941-га прагучалі першыя баявыя залпы "Кацюшы": эксперыментальная батарэя з сямі машын пад камандаваннем капітана І.Флёрава нанесла ўдары па эшалонах ворага на чыгуначнай станцыі і пазіцыях каля рачной пераправы. Мемарыял аб'ядноўвае 6 накіраваных угару "мінамётных пускавых установак" з бетону, а ў цэнтры на п'едэстале ўстаноўлена дакладная копія "Кацюшы" ўзору 1941 года. Ля ўвахода ў комплекс – чорны куб з памятным надпісам аб першым удары знакамітай зброі.

г. Орша, вул. Магілёўская

Мемарыяльны комплекс "Праклён фашызму"

Мемарыяльны комплекс "Праклён фашызму"Мемарыял "Праклён фашызму" прысвечаны трагедыі Докшыцкага раёна, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі больш за 20 тысяч чалавек, а 97 вёсак былі знішчаны. У мемарыяльным комплексе "Хатынь" на могілках 186 спаленых разам з жыхарамі сёлаў адна з "магіл" належыць Шунеўцы. Для 66 яе жыхароў апошні дзень надышоў 22 мая 1943-га: усіх дарослых карнікі спалілі жывымі, а безабаронных дзяцей кінулі паміраць у калодзеж. Памяццю аб жорстка забраных юных жыццях стаў "зруб калодзежа", унутры якога – прабіты паветраны змей з бронзы з выгравіраванымі імёнамі дзяцей. У цэнтры мемарыяла – высокая "Брама смутку", дзе жанчына-маці адчайна ўзносіць рукі да неба. Над ёй – тры званы, адзін з якіх расколаты і не звоніць як сімвал вечнай памяці аб загінулых. На зямлі, дзе калісьці стаялі дамы, цяпер толькі 22 фундаменты з прыступкамі і "застылым полымем", якое захоўвае імёны гаспадароў...

Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, в. Шунеўка

Мемарыяльны комплекс "Прарыў"

Мемарыяльны комплекс "Прарыў"Уражальны комплекс створаны на месцы легендарнага прарыву фашысцкай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны – адной з самых буйных у акупіраванай Беларусі. Сапраўдная партызанская рэспубліка з цэнтрам ва Ушачах існавала з восені 1942 года, а вясной 1944-га немцы кінулі супраць 17 тысяч партызанаў 60 тысяч карнікаў, авіяцыю, танкі, артылерыю. І ўсё ж трагічнай ноччу з 4 на 5 мая партызаны разграмілі ворага, вывеўшы з акружэння 16 тысяч мірных жыхароў... У брацкай магіле "Прарыву" пахаваны сотні воінаў, яшчэ больш імёнаў увекавечаны на плітах. Мемарыял адкрывае бронзавая карта абароны, а далей дарога-страла праходзіць паміж вялізных глыб, паказваючы напрамак галоўнай атакі, дзе з аўтаматам у руках "бяжыць" бясстрашны воін. Побач – 16 дубоў як сімвал стойкасці 16 партызанскіх брыгад. У мемарыяльны комплекс таксама ўваходзяць "партызанская вёска" – шэраг зямлянак з прадметамі ваенных часоў – і экспазіцыя армейскай тэхнікі.

Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Паперына

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы" ў Гомелі

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы" ў ГомеліГомельскі "Курган Славы" створаны ў 1967 годзе ў гонар подзвігу воінаў і партызанаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ля падножжа мемарыяла закладзены капсулы з зямлёй з больш як 200 мясцін Беларусі, Расіі і Украіны, дзе праходзілі найбуйнейшыя ваенныя бітвы, у тым ліку з праслаўленых гарадоў-герояў: Масквы, Кіева, Ленінграда, Адэсы і галоўнай цытадэлі Беларусі – Брэсцкай крэпасці. У 2013 годзе ў ходзе маштабнай рэканструкцыі да 70-годдзя вызвалення Гомеля ля Кургана Славы з'явіўся Вечны агонь. У год стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі пасланне нашчадкам, змешчанае ў "Курган" пры яго узвядзенні, было ўскрыта і закладзена новае – з тым, каб праз 50 гадоў, у 2067-м, яго прачыталі пераемнікі.

г. Гомель

Мемарыяльны комплекс "Ала"

Уражальны мемарыял створаны на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыццё гэтага новага сімвала памяці і смутку для ўсіх беларусаў адбылося ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі і дзень пачатку вайны – 21 чэрвеня 2020 г. …Вёска Ала была акупіравана ў канцы ліпеня 1941 года. Раніцай 14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часцю, якая налічвала каля 1 тыс. салдат, акружыў сялібу. Людзей заганялі ў хаты, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. У той ракавы дзень было забіта 1758 мірных жыхароў, больш як палавіна з якіх – дзеці – 950 загубленых юных жыццяў. І гэта амаль дванаццаць Хатынь! Пасля вайны вёска Ала не адрадзілася. У 1958 годзе на брацкай магіле, у якой спачываюць мірныя жыхары і савецкія воіны (2253 чалавекі), быў устаноўлены помнік – скульптура салдата з вянком, які стаіць на каленях. А да 75-годдзя Перамогі пахаванне ператварылася ў маштабны мемарыяльны комплекс "Ала". Сімвалічнае месца аб’ядноўвае тры часткі – уваходную групу, мемарыяльную зону і пешаходны маршрут па былой вясковай вуліцы, што злучае іх. У цэнтры мемарыяльнай зоны ўзвышаецца сімвалічны крыж і звон. Побач – званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага хлява з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх тут загінулі.
 
Гомельская вобласць, Светлагорскі раён

Мемарыяльны комплекс, прысвечаны аперацыі "Баграціён"

Мемарыяльны комплекс, прысвечаны аперацыі "Баграціён"Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Светлагорскім раёне быў заснаваны першы ў свеце мемарыяльны комплекс, прысвечаны адной з самых вялікіх ваенных аперацый у гісторыі чалавецтва. Менавіта тут, каля вёскі Раковічы на 71-м кіламетры шашы Бабруйск – Мазыр, 23 чэрвеня 1944 года пачалося маштабнае наступленне савецкіх войскаў, якое доўжылася больш за два месяцы. У выніку аперацыі, якая атрымала кодавую назву ў гонар героя Айчыннай вайны 1812 года палкаводца Пятра Баграціёна, былі вызвалены Беларусь, часткова тэрыторыі Прыбалтыкі і Польшчы, а галоўнае, нанесены сакрушальны ўдар па групе нямецкіх армій "Цэнтр", які канчаткова аслабіў Германію. ... Першым аб'ектам комплексу стаў 7-метровы мемарыял-барэльеф, у яго цэнтры – фігуры чатырох палкаводцаў, якія забяспечылі поспех аперацыі...

У мемарыяльны комплекс таксама ўключаны бліндажападобны музей, прысвечаны аперацыі "Баграціён", капліца з памінальнай кнігай, экспазіцыя баявой тэхнікі і ўзбраенняў.

Гомельская вобласць, Светлагорскі раён, в. Раковічы

Мемарыяльны комплекс "Бітва за Днепр"

Мемарыяльны комплекс "Лоеў"Мемарыяльны комплекс у Лоеве прысвечаны героям адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны - аперацыі па фарсіраванні Дняпра ў кастрычніку 1943 года. Яшчэ ў 1966 годзе ў цэнтры гарадскога пасёлка быў устаноўлены 18-метровы абеліск – паменшаная копія манумента Перамогі ў Мінску. Пасля рэканструкцыі да 70-годдзя Вялікай Перамогі ўся цэнтральная плошча ператварылася ў мемарыяльны ансамбль. На адкрытай экспазіцыйнай пляцоўцы Музея бітвы за Днепр па абодва бакі ад алеі Славы ўстаноўлены ўзоры ваеннай тэхнікі, што ўдзельнічала ў бітве. На мемарыяльных плітах увекавечаны сотні імёнаў. За неверагодную мужнасць у баях на Лоеўскім плацдарме 323 воіны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза – унікальны факт у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.Гомельская вобласць, г.п. Лоеў

Мемарыяльны комплекс "Памяць"

Мемарыяльны комплекс "Памяць" у Добрушы

Добруш, жыхары якога разам з воінамі Чырвонай Арміі адважна абаранялі горад, быў вызвалены ад акупацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў 10 кастрычніка 1943 года. На месцы брацкай магілы на беразе ракі Іпуць у 2005 годзе быў узведзены мемарыяльны комплекс "Памяць", дзе ўвекавечаны імёны 700 байцоў, якія аддалі жыцці ў час абароны горада.

Гомельская вобласць, г. Добруш

Мемарыяльны ансамбль у гонар воінаў Беларускай пагранічнай акругі

Мемарыяльны ансамбль у гонар воінаў Беларускай пагранічнай акругі ў ГроднаМемарыял, узведзены ў 2004 годзе ў цэнтральнай частцы Гродна, прысвечаны савецкім воінам, якія гераічна абаранялі рубяжы краіны з самых першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. На фоне пагранічных слупоў – сімвалаў 15 саюзных рэспублік – узвышаецца бронзавая скульптура трох воінаў, якія, надзейна закрываючы граніцу сваімі целамі і сціскаючы ў руках зброю, праходзяць праз вогненныя сцены абароны. Лейтматывам кампазіцыі стаў надпіс - "Загінулым, але не пераможаным воінам-пагранічнікам Беларускай пагранічнай акругі". Ансамбль дапаўняюць гранітныя пліты, што сімвалізуюць брацкія магілы тых мужных салдат, якія 21 чэрвеня 1941 года першымі ўступілі ў бой з ворагам.

г. Гродна

Мемарыяльны комплекс "Шавулічы"

Мемарыяльны комплекс "Шавулічы"Мемарыял "Шавулічы" – яшчэ адзін з самых буйных помнікаў Беларусі, прысвечаны трагедыі "вогненных вёсак", знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. У час карнай аперацыі раніцай 7 ліпеня 1943 года немцы расстралялі тут 366 чалавек, у тым ліку 120 дзяцей, і спалілі 77 дамоў. Пасля гэтай крывавай расправы вёска Шавулічы, якую называюць "малодшай сястрой Хатыні", не адрадзілася, а памяць аб трагедыі была ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе. Побач з брацкімі магіламі забітых мірных жыхароў з'явіліся абеліск, скульптурная кампазіцыя "Воін і падпольшчыца", два журботныя крыжы… У час рэканструкцыі да 70-годдзя Вялікай Перамогі на месцы спаленых дамоў устанавілі 40 драўляных зрубаў-сімвалаў, гранітныя пліты і памятныя таблічкі з імёнамі загінулых. У сэрцы мемарыяла бронзавы звон нагадвае пра сотні загубленых жыццяў…

Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі раён

Мемарыялы на месцы лагераў смерці і гета

Ваенныя музеі

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі