29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Год міру і стварэння Беларускі фонд міру ініцыяваў правядзенне 2 ліпеня - напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - ва ўсіх храмах Беларусі (цэрквах, касцёлах, малітоўных дамах, мячэцях, сінагогах) Усебеларускай малітвы "За Беларусь", паведамілі БЕЛТА ў Беларусім фондзе міру
Гэту ініцыятыву падтрымалі кіраўнікі асноўных рэлігійных канфесій Беларусі, што ўваходзяць у склад праўлення Беларускага фонду міру, а таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь.
"Кожны чалавек імкнецца жыць у міры і згодзе на роднай зямлі. На гэтым шляху - аднойдзення свайго дому, які мы завём Рэспублікай Беларусь, - наш народ зведаў мноства цяжкіх выпрабаванняў, загартаваўся ў барацьбе, але ўсё ж выстаяў, захаваў у сабе стваральны пачатак і ўвасобіў у жыццё сваю мару, - адзначылі ў Беларускім фондзе міру. - У нашай краіне знайшлі мір і згоду прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей, якія з павагай адносяцца да веры адзін аднаго. Цяпер мы назіраем, як Зямля становіцца арэнай бітвы розных сіл, знішчаюцца сапраўдныя каштоўнасці, у тым ліку іх складнік - каштоўнасць чалавечага жыцця. Ва ўсе часы ў кожным кутку зямлі пры ўзнікненні цяжкасцей і нягод людзі звярталіся да Бога з малітвай. Малітва вылечвала, усяляла надзею, загартоўвала, рабіла стойкімі і мудрымі, таму мы заклікаем усіх 2 ліпеня - напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - прыйсці ў свае храмы: цэрквы, касцёлы, малітоўныя дамы, мячэці, сінагогі - і звярнуцца да Усявышняга з малітвай за Беларусь, з просьбай аб дабрабыце яе людзей. У каго няма магчымасці ў гэты дзень наведаць храм, запаліце дома свечку, падыдзіце да абраза або звярніцеся да Свяшчэннага Пісання і з верай прачытайце малітву за нашу родную Беларусь".
Толькі мы самі, кансалідуючыся вакол гэтай адвечнай каштоўнасці - міру, зможам увасобіць нашы думкі ў рэальнасць і стварыць купал бяспекі для нашай краіны і спыніць пакуты людзей там, дзе ідуць войны, адзначылі ў грамадскім аб'яднанні. "Сіла агульнай малітвы і дух еднасці ў гэты дзень будуць залежаць ад кожнага з нас. Няхай у гэтыя сакральныя мінуты ўсеагульнай малітвы над усім сусветам пануюць гармонія, спакой і мір. Беларусы, як ніякая іншая нацыя, маюць маральнае права гаварыць пра мір і адстойваць мір. Перажыўшы столькі бед, узрушэнняў, нястач і нягод, наша краіна адраджалася і прадаўжала жыць і развівацца, навечна захаваўшы ў сабе стваральны пачатак. Для нас мір заўсёды быў галоўнай мэтай і вялікай каштоўнасцю. Усе жыхары Беларусі жадаюць, каб мір навекі пасяліўся у душы кожнага чалавека, у кожнай сям'і, у кожнай краіне. І няхай у Год міру і стварэння па веры нашай на ўсёй Зямлі пануюць гармонія і мір", - падкрэслілі ў Беларускім фондзе міру.