6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад Нацыянальнай кінастудыі "
Беларусьфільм", з завяршэннем рэканструкцыі якой створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы, чакаюць запатрабаванага айчыннага кіно. Аб гэтым заявіў сёння віцэ-прэм'ер Васіль Жарко на падагульняючай калегіі Міністэрства культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА."У бюджэце запланаваны сродкі на кінавытворчасць. Задача перад Нацыянальнай кінастудыяй - стварэнне запатрабаванага айчыннага кіно. Таксама неабходна прасоўваць прадукцыю на знешнія рынкі. Трэба вучыцца шукаць партнёраў па сумесных праектах, у тым ліку з недзяржаўным сектарам, працаваць з тэлеканаламі", - сказаў ён.
Васіль Жарко таксама закрануў тэму арганізацыі ў Беларусі міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" і ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Гаворачы аб песенным форуме, віцэ-прэм'ер выказаў упэўненасць у тым, што конкурс можна арганізаваць на высокім узроўні, і даручыў пачынаць работу па пошуку і падрыхтоўцы прадстаўніка ад Беларусі.
Для гасцей ІІ Еўрагульняў неабходна дасканала прадумаць усе пытанні арганізацыі іх вольнага часу. У тым ліку важна ў тэатрах, музеях прапанаваць турыстам мерапрыемствы, якія могуць быць ім цікавыя, дадаў віцэ-прэм'ер.