10 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Віцебскія арганізатары поўнасцю гатовы да правядзення
XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе з 9 па 13 ліпеня. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Фестываль практычна падрыхтаваны, поўнасцю сфарміравана яго праграма, поўным ходам ідзе рэалізацыя білетаў на фестывальныя мерапрыемствы", - сказаў Аляксандр Сідарэнка.
У асноўную праграму фестывалю ўключана 95 мерапрыемстваў, 18 з якіх пройдуць на галоўнай пляцоўцы ў Летнім амфітэатры. Па традыцыі на фестывалі будуць арганізаваны тэатральная праграма, лялечны квартал, міжнародныя конкурсы, горад майстроў, а таксама новыя праекты.
Аляксандр Сідарэнка паведаміў, што на некалькі канцэртаў білеты прададзены поўнасцю, а ўсяго ўжо рэалізавана амаль 50 тыс. білетаў. Дзякуючы электроннай сістэме іх цяпер можна купіць у любым пункце свету.
Дырэктар фестывалю падкрэсліў, што ў бягучым годзе віцебскі форум павінен выйсці на 80 працэнтаў акупнасці. Ён адзначыў, што вялікая падтрымка фестывалю аказваецца з боку беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, агульныя затраты на фестываль складаюць амаль $3,5 млн.