25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе імкнуцца да максімальнага росту тавараабароту з Украінай. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Українські Новини". Поўны тэкст інтэрв'ю апублікаваны на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
"Тавараабарот (паміж Беларуссю і Украінай. - Заўвага БЕЛТА) склаў $5,8 млрд у 2014 годзе. У гэтым - будзем імкнуцца да максімальнага росту", - сказаў Валянцін Вялічка.
Пасол падкрэсліў неабходнасць хутчэйшага вырашэння канфлікту ва Украіне і аднаўлення эканомікі. "Трэба садзіцца і далей дамаўляцца. Неабходна спыніць гэту братазабойчую вайну і супакоіць людзей. У іх павінна быць упэўненасць у тым, што заўтра - мірны дзень", - дадаў ён.
Гаворачы пра Беларусь як пра пляцоўку для перагавораў па мірным урэгуляванні ўкраінскага канфлікту, Валянцін Вялічка адзначыў: "Не было нейкай палітычнай задумы, не было нейкай кан'юнктуры. У аснове ляжала тое, што трэба дапамагаць. Тым больш што гэта была лінія кіраўніка дзяржавы. Думак аб тым, каб пабудаваць імідж на чужым горы і блізка не было і няма. Мы - брацкія краіны, з адной гісторыяй, славянскай духоўнасцю. У нас добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны".
У сувязі з сітуацыяй у суседняй краіне ў Беларусь пераязджаюць грамадзяне Украіны. "Ёсць інфармацыя, што ў цэлым у Беларусь пераехала больш як 60 тыс. грамадзян Украіны. Да гэтага часу ідуць запыты, людзі пастаянна звяртаюцца, таму што пераезд - гэта не нейкая фармальная з'ява, маўляў, трэба з'ездзіць у госці, наведаць сваякоў, пабыць, сустрэцца і вярнуцца з добрым настроем. Людзі ў роздумах заўсёды - як будзе далей", - паведаміў пасол. Часцей за ўсё ўкраінцы пераязджаюць у абласныя цэнтры.
Закранаючы тэму турызму, Валянцін Вялічка заўважыў, што фактар боязі ў сувязі з падзеямі на ўсходзе Украіны ў беларускіх турыстаў ёсць. "У той жа Букавель беларусы ездзілі часта. Зразумела, што цяпер менш", - сказаў ён. Пры гэтым беларусы па-ранейшаму лятаюць праз аэрапорт Барыспаль у Турцыю, Егіпет, ААЭ. Акрамя таго, на ранейшым узроўні застаўся паток беларусаў ва ўкраінскія гарады Хмяльніцкі і Чарнігаў.