24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украіна высока цэніць уклад Беларусі ва ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю праграме "Контуры" ў эфіры тэлеканала АНТ, каменціруючы вынікі візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну, паведамляе БЕЛТА.
Пасол адзначыў, што ў час перагавораў кіраўнікоў дзяржаў дзвюх краін абмяркоўваліся пытанні палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў гуманітарнай і культурнай сферах. "Таксама абмяркоўвалася сітуацыя на Данбасе. Галоўны ўпор быў зроблены на тое, каб захаваць дынаміку перагавораў у мінскім фармаце", - расказаў Ігар Кізім.
"Адзначаўся каштоўны ўклад беларускага боку ў арганізацыю гэтага працэсу з улікам таго, што гэта ўсё адбываецца на мінскай пляцоўцы, і мы вельмі цэнім гэта", - падкрэсліў пасол.
Паводле яго слоў, 24 ліпеня адбудзецца тэлефонная размова лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, якія абмяркуюць сітуацыю на Данбасе.