12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святлана Пенкіна - удава народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна - вельмі ўдзячна кіраўніцтву Беларусі за захаванне памяці легендарнага песняра. У гэтым яна прызналася 12 студзеня перад пачаткам гала-канцэрта, прымеркаванага да 75-годдзя з дня яго нараджэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Святлана Пенкіна адзначыла, што правядзенне канцэрта ў Белдзяржфілармоніі 12 студзеня супала з уручэннем Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій, і выказала ўдзячнасць кіраўніцтву краіны за ўсё тое, што робіцца па ўвекавечанні памяці мастацкага кіраўніка ансамбля "Песняры": адкрыццё музея ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі на бульвары Уладзіміра Мулявіна ў 2005 годзе, устаноўка помніка, выданне кнігі.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі зачытаў прывітанне ад імя кіраўніка дзяржавы, накіраванае ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў, якія прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі.
Канцэрт у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна - штогадовы праект Беларускай дзяржаўнай філармоніі і музея У.Г.Мулявіна. У ім прымаюць удзел вядучыя майстры беларускай эстрады. Гучаць любімыя мільёнамі слухачоў песні кампазітара "Александрына", "Завушніцы", "Будачнік", "Калядачкі", "Слуцкія ткачыхі", "Вяртанне", "Чырвоная ружа", яго апрацоўкі беларускіх народных песень "Касіў Ясь канюшыну", "Як я ехаў да яе", "А ў полі вярба", фрагменты з рок-оперы "Песня пра долю" і многія іншыя творы з песенных спектакляў.