2 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка лічыць, што агучаныя раней прапановы перагледзець Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы трэба адкласці. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю, апублікаваным сёння ў "Российской газете", паведамляе БЕЛТА.
"На мой погляд, бягучы ўзровень саюзнай інтэграцыі не супярэчыць жыццёва важным інтарэсам дзвюх дзяржаў, - сказаў дыпламат. - Магчыма, у будучым і давядзецца перагледзець, актуалізаваць асобныя палажэнні дагавора. Але спачатку, гэта відавочна, трэба добрасумленна выканаць абавязацельствы яго дзеючай версіі, у першую чаргу эканамічнай накіраванасці, перш чым гаварыць аб якім-небудзь яго ўсенародным абмеркаванні, рэферэндуме, такія меркаванні таксама выказваліся. Інакш людзі проста перастануць нам давяраць. Нельга з-за некалькіх рознагалоссяў зводзіць на нішто ўсе дасягнутыя рэзультаты і дэвальваваць іх несправядлівымі папрокамі. Трэба здымаць супярэчнасці без шкоды для інтарэсаў адзін аднаго, іміджу Саюзнай дзяржавы. Таму, лічу, прапановы аб пераглядзе дагавора трэба адкласці".
Разам з тым Уладзімір Сямашка адзначыў, што ёсць неабходнасць сфарміраваць новую рэдакцыю праграмы дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. "Вызначыць у ёй канкрэтныя мерапрыемствы па дасягненні абазначаных у ім мэт для надання новага імпульсу дынаміцы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў пасол.