20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Філасофскія дыскусіі садзейнічаюць кансалідацыі грамадства і міжнароднай інтэграцыі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Цэнтра палітычнай і эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Мікалай Шчокін.Першы беларускі філасофскі кангрэс праходзіць у Мінску 18-20 кастрычніка. "Упершыню ў нашай краіне арганізавана адкрытая дыскусійная пляцоўка сусветнага ўзроўню, у рабоце якой удзельнічаюць вядучыя беларускія і міжнародныя эксперты, вучоныя ў галіне філасофіі, гісторыі, сацыялогіі, паліталогіі. Важна ўспрымаць такія дыскусіі як складнік кансалідацыі грамадства, - адзначыў субяседнік. - Асноўная функцыя філасофіі - гэта дыягностыка грамадскай свядомасці. Правядзенне беларускага філасофскага форуму сведчыць аб грамадзянскай сталасці нашага грамадства, узмацненні ролі дэмакратычных інстытутаў". Гэты форум дае магчымасць сумесна з калегамі, якія прадстаўляюць розныя навуковыя сусветныя школы, фарміраваць лепшае разуменне перспектыў развіцця Беларусі і свету.
Паводле слоў эксперта, толькі гуманітарыстыка можа сфарміраваць грамадзяніна, які ведае і паважае гісторыю народа, цэніць рэчаіснасць, усведамляе сваю ролю ў жыцці грамадства. "Рана ці позна кожнаму чалавеку даводзіцца сутыкацца з праблемамі, якія немагчыма вырашыць без філасофскага погляду на жыццё. Адказы на самыя складаныя пытанні змешчаны ў светаадчуванні, атрыманым у спадчыну ад нашых продкаў. Багацце нацыі заключаецца ў высокім узроўні адукаванасці, духоўнай сталасці", - упэўнены Мікалай Шчокін.
Як паведамлялася БЕЛТА, філасофскі кангрэс - адзін з самых значных форумаў Года навукі ў Беларусі і буйнейшы ў гісторыі краіны навуковы форум у галіне філасофіі, сацыяльных і гуманітарных навук. У ім прымаюць удзел каля 500 прадстаўнікоў філасофскай навукі, практычна кожны другі - з замежжа. У Мінск прыехалі вучоныя з 20 краін, сярод якіх Расія, Кітай, Францыя, Італія, Польшча, Румынія, Балгарыя, Малдова, краіны Балтыі. Сярод гасцей кангрэса - кіраўнікі міжнародных навуковых арганізацый і фондаў, лідары нацыянальных філасофскіх школ шэрага дзяржаў.
Арганізатары бачаць кангрэс як інструмент кансалідацыі вучоных вакол вырашэння карэнных задач развіцця дзяржавы, грамадства і культуры, а таксама як сродак нагляднай дэманстрацыі дасягненняў беларускай навукі, спадчыны айчыннай духоўнай культуры, інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, укладу краіны ў мірны працэс і вырашэнне глабальных праблем сучаснасці.