29 мая, Ісламабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пакістан надае вялікае значэнне развіццю адносін з Беларуссю. Аб гэтым заявіў сёння ў час перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэм'ер-міністр Ісламскай Рэспублікі Пакістан Наваз Шарыф, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь з'яўляецца важнай краінай, і мы надаём вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін з Беларуссю. Мы высока цэнім візіт у Пакістан Прэзідэнта Беларусі і беларускай дэлегацыі", - сказаў прэм'ер-міністр.
Падводзячы вынікі праведзеных у Ісламабадзе перагавораў, Наваз Шарыф звярнуў увагу на іх плённы характар, бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, у прыватнасці ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцый, культуры, адукацыі, а таксама разгледзелі магчымасці пашырэння кантактаў паміж людзьмі. Прэзідэнт Беларусі і прэм'ер-міністр Пакістана дасягнулі дамоўленасці па рэалізацыі некаторых новых ініцыятыў.
"Мы дамовіліся актывізаваць наша ўзаемадзеянне паміж парламентамі дзвюх краін і пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць умацоўваць і пашыраць кантакты паміж людзьмі", - сказаў прэм'ер-міністр.
На сустрэчы былі таксама закрануты пытанні рэгіянальнага і глабальнага ўзаемадзеяння. Бакі дамовіліся развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, а таксама прадаўжаць узаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН, каб зрабіць сённяшні свет больш дэмакратычным.
На думку прэм'ер-міністра Пакістана, падпісаныя ў Ісламабадзе два дзясяткі дакументаў ствараюць аснову для далейшага ўзаемадзеяння бакоў. Ён таксама выказаў упэўненасць, што праведзены тут першы бізнес-форум дапаможа прадпрымальнікам. "Пакістан стварае вельмі добрыя ўмовы для прыцягнення замежных інвестыцый, і я перакананы, што ўзнікненне сумесных беларуска-пакістанскіх прадпрыемстваў ужо не за гарамі", - падкрэсліў Наваз Шарыф.