3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі на дамашнім чэмпіянаце свету па футзале будзе змагацца за месцы на п'едэстале гонару. Аб гэтым заявіў галоўны трэнер беларускай каманды Сяргей Сафонаў у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
На думку настаўніка, беларускім футзалістам цалкам пад сілу паспяхова выступіць на ХI пленарным форуме і парадаваць сваіх балельшчыкаў прыгожай і рэзультатыўнай гульнёй. Сяргей Сафонаў таксама адзначыў, што яго падапечныя дастойна выступаюць на міжнароднай арэне - на планетарных форумах нацыянальная зборная тройчы выходзіла ў чвэрцьфінальную стадыю (1997, 2007, 2011), а на чэмпіянатах Еўропы двойчы заваёўвала золата (2004, 2014) і адзін раз была бронзавым прызёрам (2008).
Канчатковы склад каманды вызначыцца пасля двух кантрольных матчаў з яшчэ адным фаварытам сусветнага першынства камандай Расіі, якія адбудуцца 11 і 12 красавіка. Перад гэтымі спарынгамі нацыянальная дружына правядзе заключны трэніровачны збор. У афіцыйную заяўку на ўдзел у чэмпіянаце свету будуць уключаны 12 чалавек - 2 варатары і 10 палявых ігракоў.
Сяргей Сафонаў паведаміў, што сапернікамі беларусаў у папярэдняй групе А, матчы якой будуць праходзіць у "Мінск-Арэне" і Палацы спорту, будуць зборныя Аўстраліі, Бразіліі і Уругвая. Самымі знакамітымі апанентамі гаспадароў турніру з'яўляюцца бразільцы, якія двойчы станавіліся чэмпіёнамі свету (1982, 1985). У актыве каманды Уругвая сярэбраная ўзнагарода сусветнага першынства-1997, аўстралійцы пакуль не маюць гучных званняў на міжнароднай арэне.
Склады астатніх папярэдніх груп:
В (Мінск, Маладзечна, Барысаў) - Парагвай, Бельгія, Нарвегія, Марока;
С (Брэст) - Калумбія, Чэхія, Венесуэла, Кюрасаа;
D (Пінск) - Аргенціна, Расія, Славакія, Кыргызстан.
Матч адкрыцця ЧС-2015 па футзале Беларусь - Бразілія (17 красавіка), а таксама "медальныя" паядынкі за бронзу (24 красавіка) і золата (25 красавіка) пройдуць на пляцоўцы "Мінск-Арэны".