30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адной з самых галоўных праблем спартыўнай сферы застаецца дэфіцыт кадраў. Аб гэтым заявіў сёння ў ходзе Алімпійскага сходу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Максіма Рыжанкова, спорт застаецца адным з галоўных ідэалагічных складнікаў дзяржавы і фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, але спартыўная вертыкаль з гэтымі задачамі не справілася. Поспех беларусаў на зімовых Гульнях у Сочы быў азмрочаны правальным выступленнем на летніх Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Сёння вынікі ў спорце вышэйшых дасягненняў выклікаюць у грамадстве расчараванне. "Трэба прызнаць значныя хібы ў рабоце Міністэрства спорту. Самай вострай тэмай спартыўнай сферы застаецца дэфіцыт кадраў. Пасля перастановак у 2012-2013 гадах галіна пазбавілася многіх кваліфікаваных супрацоўнікаў, а ліквідаваць гэты прабел не ўдалося. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры страціў статус вядучага, выкарыстоўваючы ўстарэлыя тэхналогіі падрыхтоўкі, нізкі ўзровень трэнерска-выкладчыцкіх кадраў. Дайшло да таго, што кафедры няпрофільных ВНУ выйшлі на першы план у спартыўнай навуцы", - сказаў Максім Рыжанкоў.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта запатрабаваў павысіць эфектыўнасць работы з балельшчыкамі, выхоўваць пачуццё патрыятызму ў маладых спартсменаў. Неабходна больш якасна і шырока асвятляць беларускі спорт, і не толькі на тэлеканале "Беларусь 5". На думку Максіма Рыжанкова, далёка не ўсе дзіцячыя трэнеры прафесійна ставяцца да сваёй работы. "Тут усё ідзе ад адсутнасці кантролю з боку Мінспорту і раённага кіраўніцтва. Трэніровачны працэс у спартшколах, дакладны каляндар, забеспячэнне экіпіроўкай і снарадамі - гэтыя пытанні патрабуюць асаблівай увагі", - падкрэсліў ён.
Максім Рыжанкоў пракаменціраваў і праблему медыцынскага, фармакалагічнага і навуковага суправаджэння і аднаўлення атлетаў. "Навукова-медыцынскі цэнтр у спорце, безумоўна, патрэбны. Аднак усе навуковыя і медыцынскія ўстановы краіны павінны быць уключаны ў спартыўную галіну і кожная - вырашаць сваю задачу. Бо ўся сістэма дзяржаўная", - адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
На думку Максіма Рыжанкова, неабходна дакладна разумець, што сёння ўяўляе сабой беларускі спорт, колькі гэта галіна каштуе і якую важную ролю ў грамадстве выконвае.