15 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. На грамадзян Беларусі не будуць распаўсюджвацца нормы новага расійскага заканадаўства аб неабходнасці здачы экзамену па рускай мове пры атрыманні пасведчання на права жыхарства. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках праведзеных 15 снежня ў Маскве перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Пуцін паведаміў, што бакі пацвердзілі настрой на пашырэнне традыцыйна трывалых гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй. "Хацеў бы таксама прыцягнуць увагу да важнай ініцыятывы ў міграцыйнай сферы, аб якой я праінфармаваў Аляксандра Рыгоравіча, - сказаў Уладзімір Пуцін. - Як вядома, з 1 студзеня бягучага года замежныя грамадзяне, якія жадаюць жыць і працаваць у Расіі, павінны пацвердзіць валоданне рускай мовай, веды па расійскай гісторыі і асноў заканадаўства. Разам з тым, улічваючы асаблівы характар расійска-беларускіх адносін, мы прынялі прынцыповае рашэнне на распаўсюджваць дзеянне гэтых норм на грамадзян Беларусі".
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што для гэтага спатрэбіцца ўнесці папраўкі ў дзеючае заканадаўства. Паводле яго слоў, адпаведны законапраект падрыхтаваны ўжо і разглядаецца ў Дзярждуме Расіі.
"На мой погляд, прыняцце гэтага дакумента поўнасцю адпавядала б прынцыпам саюзніцкага ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі", - рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.