16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Індыя лічыць Беларусь адным з важнейшых партнёраў у рэгіёне. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Алок Ранджан Джа на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дыпламатычнай місіі падзякаваў за магчымасць сустрэчы і цёплыя словы ў адрас Індыі, якія выказаў кіраўнік беларускай дзяржавы: "Вялікая пашана зноў сустрэцца з вамі".
"Вы гаворыце, што Індыя з'яўляецца важнейшым партнёрам Беларусі, - адрэагаваў пасол на заяву Аляксандра Лукашэнкі. - Дазвольце вас запэўніць, што і для Індыі Беларусь - адзін з важнейшых партнёраў у гэтым рэгіёне. І, як я ўжо гаварыў не раз пры сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай улады, адносіны паміж Беларуссю і Індыяй не залежаць ад адносін паміж Індыяй і іншымі партнёрамі, дзяржавамі. Як і Беларусь, Індыя таксама праходзіць важную фазу развіцця і для яе будзе гонарам разам з Беларуссю рухацца ў гэтым напрамку і прайсці гэты шлях эканамічнага развіцця".
Індыя - адзін з буйнейшых і перспектыўных гандлёвых партнёраў Беларусі ў Паўднёвай Азіі. Тавараабарот дзвюх краін па выніках 2021 года склаў амаль $567 млн, захаваўшыся практычна на ўзроўні 2020-га. Пры гэтым сальда склалася дадатнае для беларускага боку: амаль $376 млн экспарт і $191 млн імпарт. Аснову паставак у Індыю складаюць калійныя ўгнаенні, сельгастэхніка, запчасткі да кар'ерных самазвалаў. У Беларусь пастаўляюцца індыйскія лекавыя сродкі, спецыфічныя тавары, морапрадукты.
За мінулы год істотна павялічыўся аб'ём экспарту паслуг у Індыю - ён вырас на 60 працэнтаў у параўнанні з 2020-м і перасягнуў $98 млн, пры гэтым 84 працэнты аб'ёму экспарту паслуг прыпала на транспартныя паслугі.
Паслядоўна развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзвюх краін. У Беларусі рэалізуюцца тры фармацэўтычныя інвестпраекты з удзелам індыйскага боку. Развіваецца супрацоўніцтва ў галіне нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі. У 2020 і 2021 гадах "Беларуснафта" выйграла тэндар, праведзены буйнейшай індыйскай нафтагазавай кампаніяй, і рэалізавала пілотны праект хімічнага павышэння нафтааддачы пластоў на 6 наземных радовішчах Індыі.
Дынамічна развіваецца і супрацоўніцтва з Індыяй у сферы адукацыі. Колькасць студэнтаў з гэтай краіны ў беларускіх ВНУ, у прыватнасці медыцынскага профілю, расце з кожным годам. Калі ў 2014-2015 гадах іх было 77 чалавек, то ў 2020-2021 гадах - 888 чалавек. Заключана больш за 30 дакументаў аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі Беларусі і Індыі. Вядуцца перагаворы па адкрыцці ў Індыі цэнтра прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў.