8 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/.
В'етнам вельмі цэніць дапамогу беларусаў у цяжкі для краіны час. Аб гэтым заявіў старшыня таварыства дружбы "В'етнам - Беларусь" былы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя В'етнама Нгуен Тхай Лай на вечары ў Доме дружбы, прысвечаным в'етнамскаму Дню незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Беларусь вельмі падтрымлівала В'етнам у той перыяд, калі ў нас было шмат праблем і складанасцей", - адзначыў
Нгуен Тхай Лай, які 6-10 верасня з візітам наведвае Беларусь. Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў В'етнаме "рады поспехам Беларусі ў падтрыманні сацыяльна-палітычнай стабільнасці і росце яе аўтарытэту на міжнароднай арэне". Паводле слоў госця, дружба паміж Беларуссю і В'етнамам ідзе каранямі ў гістарычнае мінулае. Цяпер беларуска-в'етнамская дружба падтрымліваецца на ўсіх узроўнях.У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у Рэспубліцы Беларусь
Ле Ань звярнуў увагу на важнасць дасягненняў сваёй краіны ва ўнутранай і знешняй палітыцы за перыяд незалежнасці. Ён падкрэсліў, што ў пачатку года паспяхова прайшоў 12 з'езд Кампартыі В'етнама і адбыліся выбары ў Нацыянальны сход."В'етнам з насельніцтвам больш за 90 млн чалавек з'яўляецца прывабным рынкам для замежных інвестараў, - заўважыў пасол. - Нядаўняя ратыфікацыя пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж
ЕАЭС і СРВ яшчэ раз гэта даказвае і прадугледжвае лібералізацыю гандлю паміж краінамі за кошт зніжэння або абнулення важных мытных пошлін, што, безумоўна, прывядзе да павелічэння тавараабароту. Гэты дакумент уступае ў сілу 5 кастрычніка".Ле Ань
таксама акцэнтаваў увагу на тым, што В'етнам праводзіць незалежную шматвектарную знешнюю палітыку, актыўна інтэгруецца ў міжнародныя і рэгіянальныя працэсы і ўдзяляе вялікую ўвагу ўмацаванню, развіццю адносін з традыцыйна дружалюбнымі краінамі."Асаблівую ўвагу В'етнам удзяляе паглыбленню развіцця ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю, - канстатаваў пасол. - Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, краіны не адно дзесяцігоддзе звязаны вузамі цеснай дружбы і ўзаемадапамогі. Падтрымліваюцца цесныя кантакты на вышэйшым узроўні, умацоўваецца палітычны ўзаемадавер, забяспечваецца падтрымка ў міжнародных структурах, у першую чаргу ў ААН і Руху недалучэння па важнейшых пытаннях міжнароднага развіцця і пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Акрамя таго, пашыраецца супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, адукацыі, культуры, камунікацый і транспарту, бяспекі".