6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь па-ранейшаму цвёрда зыходзіць з неабходнасці мірнага вырашэння ўкраінскага крызісу, чаму будзе садзейнічаць няўхільнае выкананне мінскіх пагадненняў усімі бакамі. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2015 годзе, паведамляе БЕЛТА.
"Зыходзячы са шчырай зацікаўленасці ў хутчэйшым урэгуляванні крызісу ва Украіне Беларусь паслядоўна садзейнічала яго дээскалацыі. Дамоўленасці, дасягнутыя ў час саміту "нармандскай чацвёркі" ў Мінску, на сённяшні дзень уяўляюць сабой міжнародна прызнаны механізм палітыка-дыпламатычнага вырашэння канфлікту. Беларускі бок забяспечваў усе неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы па Украіне і тэматычных рабочых груп у яе складзе", - гаворыцца ў аглядзе.
Падкрэсліваецца, што Беларусь у 2015 годзе імкнулася ўнесці свой уклад у вырашэнне глабальных праблем, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, традыцыйна актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый. "Вынікі комплексных намаганняў на міжнароднай арэне садзейнічалі далейшаму ўмацаванню аўтарытэту і станоўчага іміджу нашай краіны, усведамленню сапраўднай каштоўнасці Беларусі ў якасці фактару стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, а таксама патэнцыялу Мінска ў развіцці інтэграцыйных працэсаў", - адзначаюць у МЗС Беларусі.