21 жніўня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Украіна ўдзячна Беларусі за дапамогу ва ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе краіны. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны консул Украіны ў Брэсце Алег Мысык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўдзячны ўсяму свету за падтрымку, якую кожны дзень адчуваем у адносінах да Украіны. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу сказаць Беларусі. Яна працягнула нам руку палітычнай дапамогі, прадаставіўшы пляцоўку для правядзення перагавораў у фармаце "нармандскай чацвёркі". Для нас важна гэта праяўленне салідарнасці", - падкрэсліў Алег Мысык.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, генеральны консул таксама адзначыў, што для Украіны важна пазіцыя Беларусі. "Інакш мы не скарысталіся б прапановай правесці перагаворы ў Мінску. А зрабіць гэта на такім высокім узроўні вельмі не проста. Трэба забяспечыць бяспеку, уся адказнасць ляжыць на прымаючым баку. Мы за гэта бязмерна ўдзячны Беларусі", - сказаў ён.
Чарговую гадавіну незалежнасці Украіна адзначыць 24 жніўня. У гэты дзень у горадзе над Бугам адбудзецца ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку. Напярэдадні свята ў генеральным консульстве ў Брэсце адкрылася выстаўка "Украіна і Беларусь - агульнасць гісторыі".