16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адмена большасці санкцый адносна Беларусі дасць магчымасць развіваць паўнацэннае эканамічнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooМ Сяргей Мусіенка.
"Адмена большасці санкцый адносна нашай краіны - гэта, безумоўна, правільнае рашэнне ЕС, хоць яно і цяжка яму далося. Еўрасаюз вельмі стараўся не страціць твар, але логіка развіцця сітуацыі і паводзіны беларускага боку далі яму магчымасць і захаваць твар, і ануляваць большасць абмежаванняў, - заўважыў Сяргей Мусіенка. - Мінскія ініцыятывы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне і многае іншае дало магчымасць краінам Еўрасаюза адкрыць вочы і ўбачыць Беларусь з лепшага боку".
Палітолаг звярнуў увагу, што Беларусь знаходзілася пад санкцыямі доўгі час, і за гэты перыяд грамадзяне звыкліся з думкамі аб гэтым, хоць і незразумела было, чаму міралюбівая краіна ў цэнтры Еўропы трапіла пад нейкія абмежаванні.
"Мы звыкліся з гэтымі думкамі, але асадак заўсёды заставаўся, тым больш што не было паўнацэннага эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы", - сказаў ён.
"І хоць адмена большасці санкцый пакуль не праяўляецца для нас у кантрактах і грашовым эквіваленце, яна дапаможа беларускаму боку стварыць клімат, які дазволіць інвестарам часцей прыходзіць у нашу краіну", - лічыць эксперт.
"Любыя эканамічныя зрухі цяпер будуць для нас вельмі своечасовыя", - рэзюмаваў Сяргей Мусіенка.