12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя чакае значны экалагічны эфект ад увядзення Беларускай атамнай электрастанцыі. Аб гэтым заявіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна на пленарным пасяджэнні XXI Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы сумесна з Міністэрствам энергетыкі рэалізуем даволі вялікую колькасць праектаў, якія даюць магчымасць гаварыць аб значным станоўчым перспектыўным развіцці энергетычнай галіны ў цэлым. Мы, безумоўна, адзначаем значны экалагічны эфект ад увядзення Беларускай атамнай электрастанцыі", - адзначыла Ія Малкіна.
Паводле яе слоў, эканоміка, энергетыка, экалогія - гэта тры кіты, якія пакладзены ў аснову ўстойлівага развіцця любой дзяржавы, і Беларусь не з'яўляецца выключэннем. "Спадзяёмся, што тыя новыя падыходы, якія будуць выпрацаваны і ўдзельнікамі гэтага форуму, і ў далейшым дзяржавамі, дадуць магчымасць стварыць тое ўстойлівае грамадства, пра якое мараць усе дзяржавы ў свеце", - сказала Ія Малкіна.
XXI Беларускі энергетычны і экалагічны форум працуе ў Мінску 11-14 кастрычніка. Дзелавая праграма форуму ўключае пленарнае пасяджэнне, міжнародныя канферэнцыі, навукова-практычныя семінары, прэзентацыі кампаній - удзельніц выстаўкі, на якіх айчынныя і замежныя эксперты прадставяць сучасныя тэхналагічныя рашэнні ў галіне энергетыкі і экалогіі.
Мэта правядзення форуму - садзейнічанне інавацыйнаму развіццю паліўна-энергетычнага сектара Беларусі. Штогод форум становіцца ўнікальным месцам сустрэч энергетыкаў і эколагаў Беларусі і замежжа, садзейнічаючы тым самым пашырэнню супрацоўніцтва, абмену перадавымі распрацоўкамі і праектамі.