5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на развіццё кантактаў Нацыянальнага сходу з парламентамі ўсіх краін ЕС. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з маршалкам Cената Польшчы Станіславам Карчэўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у Беларусі хацелі б, каб "канструктыўнае ўзаемадзеянне беларускіх і польскіх парламентарыяў аказвала пазітыўны ўплыў на развіццё кантактаў Нацыянальнага сходу з парламентамі ўсіх краін ЕС".
Старшыня Савета Рэспублікі дадаў, што ў 2017 годзе ў Беларусі пройдзе шэраг важных міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку сесія ПА АБСЕ і мерапрыемствы па лініі Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы. "Мы, як прымаючы бок, ужо рыхтуемся да гэтых мерапрыемстваў, маем ініцыятыўныя прапановы. Лічым, што наш голас будзе канструктыўным укладам у агульнаеўрапейскія справы, - сказаў ён. - Еўропа - наш агульны дом, за бяспеку і дабрабыт якога мы нясём агульную адказнасць".
Спікер верхняй палаты беларускага парламента выказаў упэўненасць, што візіт маршалка сената Польшчы надасць новы імпульс двухбаковым адносінам, будзе садзейнічаць актывізацыі ўсіх напрамкаў супрацоўніцтва паміж краінамі.
У Беларусі, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, з задавальненнем адзначаюць інтэнсіфікацыю палітычнага дыялогу з Польшчай. "Пры ўзаемнай зацікаўленасці ў гэтым годзе ўдалося зрабіць у галіне палітычных кантактаў і эканамічнага супрацоўніцтва вельмі шмат што. І мы гатовы да пашырэння ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах", - сказаў ён. Старшыня Савета Рэспублікі таксама звярнуў увагу на ўсё большы тавараабарот паміж краінамі, рост польскіх інвестыцый у беларускую эканоміку.
У сваю чаргу Станіслаў Карчэўскі адзначыў, што звязвае з візітам польскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь вялікія надзеі. Ён прапанаваў беларускаму калегу разгледзець шэраг пытанняў, у тым ліку развіццё супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.
Сёння ў Мінску была падпісана сумесная заява аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі і сенатам Польшчы. Ад імя беларускага Прэзідэнта Станіславу Карчэўскаму быў уручаны ў падарунак Слуцкі пояс.