15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскія дамоўленасці дапамаглі партнёрам па-іншаму паглядзець на Беларусь, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у эфіры праграмы "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Сапраўды, на гэтай канферэнцыі (Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі. - Заўвага БЕЛТА) мінскія дамоўленасці былі ацэнены ў пазітыўным плане вельмі многімі палітыкамі. Тое, што мінскія дамоўленасці адыгралі сваю ролю ў пэўным супакаенні сітуацыі ва Украіне, прызнаецца ўсімі. Вельмі важна, што ў свой час нам удалося арганізаваць гэту пляцоўку для правядзення перагавораў па Украіне. Я думаю, што гэта дапамагло і нашым партнёрам па-іншаму паглядзець на Беларусь", - сказаў Уладзімір Макей.
Каменціруючы свой удзел у Міжнароднай канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене, міністр адзначыў, што з пункту гледжання колькасці сустрэч і іх змястоўнага напаўнення ён быў дастаткова паспяховым. "З усімі калегамі мы гаварылі аб перспектывах нашых палітычных і гандлёва-эканамічных адносін. Хачу сказаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў нам удалося знайсці агульнае разуменне таго, як развіваецца сітуацыя цяпер, і як мы павінны выбудоўваць нашы адносіны на будучае. Гэта дае пэўную ўпэўненасць для таго, каб глядзець з аптымізмам у будучыню", - дадаў міністр.
Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на негатыўную ацэнку геапалітычнай сітуацыі, якая склалася цяпер у свеце, не трэба сумаваць. "Усе канстатуюць наяўнасць значных разыходжанняў у поглядах паміж вядучымі геапалітычнымі ігракамі ў свеце, але разам з тым цяпер з вуснаў многіх прадстаўнікоў вядучых сусветных дзяржаў прагучала думка аб неабходнасці знаходжання ўзаемапрымальных рашэнняў за агульным сталом перагавораў. Такія разважанні ўсяляюць аптымізм. Хацелася б спадзявацца, што гэтыя пажаданні сапраўды будуць рэалізаваны", - сказаў на заканчэнне Уладзімір Макей.