18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь вітае настроенасць Венгрыі на інтэнсіфікацыю адносін. Аб гэтым у Будапешце заявіў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Беларускі бок, як адзначыў міністр, бачыць сістэмны падыход Венгрыі да далейшага развіцця знешнеэканамічнай стратэгіі "Адкрыццё на Усход" і вітае настроенасць на інтэнсіфікацыю адносін з Беларуссю. Уладзімір Макей падзякаваў Венгрыі за прагматычны падыход у адносінах да Беларусі.
"У нашых краін вельмі шмат узаемных інтарэсаў, - адзначыў міністр. - Гэта дыктуе нам неабходнасць выпрацоўваць сумесныя падыходы да тых актуальных праблем міжнароднага парадку дня і выклікаў, якія з'яўляюцца цяпер. У нас шмат узаемных інтарэсаў, у аснове якіх эканамічнае, палітычнае, гуманітарнае, навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне і ўзаемавыгадныя міжасобасныя кантакты".
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства канстатаваў, што дзве краіны маюць падобныя пункты гледжання адносна пераважнай большасці міжнародных праблем.
Знаходзячыся ў Будапешце, Уладзімір Макей правёў перагаворы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-венгерскіх адносін, пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Венгрыі ў міжнародных арганізацыях, умацаванне супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам, узаемадзеянне паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам.