25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ліван зацікаўлены ў развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Лівана Тамам Саіб Салям на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Сірыі і Ліване (па сумяшчальніцтве) Аляксандрам Панамаровым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У час перагавораў з прэм'ер-міністрам Лівана абмеркаваны стан і перспектывы развіцця двухбаковага палітычнага і гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі адзначылі існуючы патэнцыял для развіцця сувязей у галіне навукі, адукацыі, культуры і спорту.
У час рабочай паездкі пасла ў Бейрут (Ліванская Рэспубліка) адбыліся таксама яго сустрэчы з губернатарам правінцыі Бейрут Зіядам Чэбібам, мэрам г.Бейрута Білалам Хамадам, а таксама ліванскімі дзелавымі коламі.
На сустрэчах з губернатарам правінцыі Бейрут і мэрам Бейрута бакі абмеркавалі пытанні развіцця міжрэгіянальных сувязей. Ліванскі бок выказаў намер наведаць Беларусь з візітам.
Асноўнай тэмай сустрэчы пасла Беларусі з прадстаўнікамі ліванскіх дзелавых колаў стала абмеркаванне напрамкаў супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі.